Вы тут

Барэль пагаварыў па тэлефоне з Макеем пра мігрантаў і санкцыі

Мігранты на беларуска-польскай мяжы / БЕЛТА

Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жазэп Барэль пагаварыў па тэлефоне з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Пра размову ў нядзелю паведаміла прэс-служба Міністэрства замежных спраў нашай краіны. З гэтай інфармацыі вынікае, што галоўнымі тэмамі былі міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краін ЕС, а таксама заходнія санкцыі, якія неўзабаве будуць пашыраны.

Макей заявіў, што афіцыйны Мінск гатовы да "раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялогу з Еўрасаюзам". Ён падкрэсліў "бесперспектыўнасць санкцый і контрпрадуктыўнасць санкцыйных падыходаў для развіцця адносін па лініі Беларусь — ЕС". Што гаварыў Барэль, стала вядома пазней.

У гутарцы пра міграцыйны крызіс Уладзімір Макей агучыў крокі, якія зрабілі ўлады Беларусі "па скарачэнні плыні мігрантаў з краін Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу". Праўда, дагэтуль было вядома, што такія крокі рабіў Еўрасаюз.

"Пацверджана зацікаўленасць у найхутчэйшым урэгуляванні міграцыйнага крызісу", — заяўляе МЗС Беларусі. І дадае, што "бакі дамовіліся падтрымліваць адкрытымі каналы для дыялогу".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.