Вы тут

Аварыйны мост на Нямізе ў Мінску цалкам разабралі

Мост разабраны / @minsknews_by

У аўторак аварыйны мост на Нямізе ў Мінску цалкам разабралі. Працы па яго дэмантажы працягваліся з 8 студзеня кругласутачна. Раней меркавалася, што спатрэбіцца тыдзень.

Планавалася, што новы мост пабудуюць за тры месяцы, але гарадскія ўлады спадзяюцца ўзвесці яго за месяц. Мяркуецца, што пры гэтым будуць выкарыстаны "новыя тэхнічныя рашэнні да арганізацыі дарожнага руху і сучасныя матэрыялы".

Пешаходная частка моста абрынулася ў ноч на 8 студзеня, здарэнне трапіла на відэа. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Мост быў пабудаваны ў 1962-м. Мяркуецца, што прычынай здарэння стала "стомленасць" канструкцыі, уплыў на яе вібрацыі ад працы метро і частыя перапады тэмпературы паветра з мінуса на плюс і наадварот. Следчы камітэт распачаў крымінальныя справы. Артыкулы — "службовая халатнасць" і "парушэнне праектаў...".

Вядома, што ў 2017-м прайшоў касметычны рамонт моста, а летась было тэхнічнае заключэнне наконт апорнай канструкцыі, што яна знаходзіцца ў нармальным стане.

З-за абвалу моста ў цэнтры Мінска давялося змяніць схему руху грамадскага транспарту.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.