Аўтарынак і будаўнічы рынак у Малінаўцы збанкрутавалі

Працягвае развівацца скандал вакол кампаніяў, якія належаць бізнесоўцу Юрыю Авяр'янаву. На мінулым тыдні стала вядома, што банк ВТБ падаў у Эканамічны суд Мінска заяву аб банкруцтве кампаніі "Ростэм", асноўным уладальнікам якой з'яўляецца Авяр'янаў.

Цяпер, піша tut.by,такая ж заява пададзеная на закрытае акцыянернае таварыства "Гандлёвы свет -"Кальцо". Кампанія аб'ядноўвае аўтамабільны і будаўнічы рынкі, а таксама гандлёвыя цэнтры ў мінскім мікрараёне Малінаўка. Заяву ў Эканамічны суд сталіцы падалі крэдыторы Авяр'янава з Расіі — ТАА "Версо М". Разгляд заявы і адбудзецца 7 красавіка.

Па словах прадстаўніка крэдытора, адваката юрыдычнай фірмы REVERA Андрэя Талочкі, пазыкі арганізацыі ў цэлым ацэньваюцца ў дзясяткі мільёнаў доляраў.

Як паведамляе tut.by, сярод буйных крэдытораў кампаніі "Гандлёвы свет —"Кальцо" ёсць і два буйныя беларускія банкі — Белаграпрамбанк і БПС-Ашчадбанк. Акрамя таго, кампанія мае істотную запазычанасць перад інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах. Як і "Ростэм", "Гандлёвы свет —"Кальцо" доўгі час лічыцца ў спісах арганізацый, якія дапусцілі запазычанасць па плацяжах у бюджэт.