Вы тут

"Дзякуй за салідарнасць": Тадэвуш Кандрусевіч правёў развітальныя службы

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч падчас аразвітальнай службы ў мінскай катэдры 24 студзеня 2021 года / TUT.by

У Мінску праходзяць развітальныя набажэнствы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў якасці мітрапаліта Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі і кіраўніка Беларускай каталіцкай царквы.

У сваім звароце ў кафедральным касцёле Кандрусевіч падзякаваў вернікам за салідарнасць і за тое, што дапамаглі яму перажыць цяжкія чатыры месяцы выгнання.

"Хачу падзякваць сёння ўсім святарам і вам, браты і сёстры, за сумеснае служэнне, за сумесную малітву, за нашу сумесную азказнасць за духоўны стан нашай Бацькаўшчыны. Хачу падзякваць вам за салідарнасць са мной, калі я перажыў складаны час цягам чатырох месяцаў, калі я быў у выгнанні", — голас Кандрусевіча зрываўся на слёзы.

3 студзеня ў дзень 75-годдзя арцыбіскупа Кандрусевіча Папа Францішак прыняў яго прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай дыяцэзіі ў сувязі з надыходам пенсійнага ўзросту.

Па словах Кандрусевіча, ён застаецца працаваць у Канферэнцыі біскупаў і будзе далей праводзіць службы. Пасля прамовы вернікі плакалі і праводзілі Кандрусевіча доўгімі апладысментамі. Кіраваць Мінска-Магілёўскай дыяцэзіяй будзе Казімір Велікаселец — вось што яму сказаў Кандрусевіч:

— Не бойся выплысці на глыбіню заданняў, якія стаяць перад касцёлам, заданняў, якія стаяць перад нашай Бацькаўшчынай. Не бойся зазірнуць у глыбіню праблем, з якімі мы спатыкаемся, — і грамадства, і кожны чалавек. Не бойся з моцай абвяшчаць слова тым, якія маюць уладу і не маюць, тым, якія вучоныя і тым, якія простыя, тым, якія старэйшыя і тым, якія маладыя, тым, якія здаровыя і тым, якія хворыя, тым, якія на свабодзе і тым, якія зняволеныя. Людзі патрабуюць гэтага жывога Божага слова, якое нясе праўду. А толькі праўда учыніць нас свабоднымі.

31 жніўня памежнікі не пусцілі Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусь. Каментуючы здарэнне, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы "ездзіў у Польшчу і атрымліваў кансультацыі, як разваліць нашу краіну". Вярнуцца ў Беларусь ўлады дазволілі Кандрусевічу напярэдадні Калядаў, 24 снежня: за арцыбіскупа заступіўся Папа Рымскі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.