Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала

2018 год забраў шмат годных беларусаў. Прыгадаем добрымі словамі некаторых з іх.

 

Міхал Анемпадыстаў

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: nn.by

24 студзеня ў беларускага паэта і мастака Міхала Анемпадыстава здарыўся інсульт. Яго ў крытычным стане шпіталізавалі, але выратаваць яму жыццё лекары не змаглі. Міхалу Анемпадыставу было 53 гады. Яго лічаць адным са стваральнікаў беларускай рок-паэзіі. Анемпадыстаў меркаваў, што галоўнае дасягненне у яго жыцці — стварэнне культавага “Народнага альбома” (1997), супольнага музычнага праекта беларускіх рок-выканаўцаў.

 


Барыс Кіт

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: TUT.by

1 лютага не стала беларускага дзеяча замежжа, навукоўца Барыса Кіта. Ён лічыўся найстарэйшым беларусам свету — яму было 107 гадоў.

Барыс Кіт скончыў матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Працаваў настаўнікам, а пазней і дырэктарам Віленскай беларускай гімназіі. У 1939-м перавёз гімназію ў Навагрудак. Займаўся беларускім школьніцтвам падчас нямецкай акупацыі. За сваю патрыятычную дзейнасць арыштоўваўся і польскімі, і нямецкімі ўладамі. Пасля Другой сусветнай вайны апынуўся ў ЗША, дзе стаў канструктарам амерыканскай ракетнай тэхнікі і зрабіў бліскучую навуковую кар'еру ў астранаўтыцы. Кіт ніколі не перарываў сувязі з беларускім рухам, фінансава падтрымліваў беларускія эміграцыйныя выданні, размаўляў на беларускай мове. З 1972 года жыў у Германіі.

 

Генадзь Гарбук

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: Нацыянальна акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы

7 лютага памёр Народны артыст Беларусі, актор Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы Генадзь Гарбук. Артысту было 83 гады. У розныя часы Гарбук сыграў дзве ролі ў пастаноўках паводле рамана Івана Мележа "Людзі на балоце", і абедзве былі адзначаныя ўзнагародамі. За выкананне ролі Васіля Дзятліка ў тэлеспектаклі "Людзі на балоце" быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй (1966), а за выкананне ролі бацькі Ганны Чарнушкі ў мастацкім фільме "Людзі на балоце" — Дзяржаўнай прэміяй СССР (1984). У 2010 годзе Гарбук атрымаў узнагароду Беларускага саюза тэатральных дзеячаў "Крыштальная Паўлінка". 

 

Арсень Ліс 

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: budzma.org

28 траўня пайшоў з жыцця беларускі літаратуразнаўца, фалькларыст, гісторык і літаратар Арсень Ліс. Яму было 84 гады. У апошнія гады ён моцна хварэў.

Ліс быў выдатным спецыялістам па літаратурным і грамадска-палітычным жыцці ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час (1921 — 1939). Ён напісаў грунтоўныя кнігі пра Браніслава Тарашкевіча, Язэпа Драздовіча, Міколу Шчакаціхіна, Пётру Сергіевіча, Язэпа Горыда. Арсень Ліс укладаў шматлікія зборнікі, пісаў сцэнары для дакументальных фільмаў. У савецкія часы навуковец працаваў у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук, уваходзіў у нефармальнае аб'яднанне беларускіх патрыётаў.


 

Мікалай Дземянцей

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: БДАКФФД

10 ліпеня на 89-м годзе жыцця памёр дзяржаўны дзеяч Мікалай Дземянцей. Ён увайшоў у гісторыю Беларусі як старшыня Вярхоўнага Савета БССР, за якім у 1990 годзе дэпутаты прынялі Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце. У жніўні 1991-га, падчас дзяржаўнага перавароту ў Маскве, Дземянцей падтрымаў путчыстаў. Праз некалькі дзён путч задушылі, а старшыня Вярхоўнага Савета БССР быў вымушаны падаць у адстаўку.

У далейшым Дземянцей яшчэ чатыры гады быў сенатарам (па прэзідэнцкай квоце), а пасля выйшаў на пенсію, пісаў мемуары.

 

 

Аляксандр Кулінковіч

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: Еўрарадыё

4 жніўня ад наступстваў схаванай пнеўманіі заўчасна сыйшоў з жыцця лідар рок-гурта “Нейра Дзюбель” Аляксандр Кулінковіч. У гэты дзень музыкі мусілі граць сэт на фестывалі “Рок за баброў”. Напярэдадні Кулінковіч паведаміў калегам па гурце, што пачуваецца кепска і будзе выклікаць хуткую. Яму было 46 гадоў. У кастрычніку ў мінскім клубе Prime Hall пройшоў канцэрт памяці Аляксандра Кулінковіча “Я прынёс табе ўра”. Найлепшыя песні “Нейра Дзюбеля” выканалі ўдзельнікі гурта разам з вядомымі айчыннымі музыкамі.

 


Мікалай Кірычэнка

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: TUT.by

Народны артыст Беларусі Мікалай Кірычэнка пакінуў свет 14 жніўня. Актору Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы было 72 гады.

Кірычэнка ў 1969 годзе скончыў акторскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Працаваў у Брэсцкім абласным драматычным тэатры, а з 1971 года — у складзе трупы Купалаўскага тэатра. З 2005 па 2009 год быў гендырэктарам тэатра. Народным артыстам нашай краіны стаў у 2006-м.

 

 

Алесь Ліпай

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: БелаПАН

23 жніўня не стала заснавальніка інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, журналіста Алеся Ліпая. Яму было 52 гады. У апошнія гады Ліпай цяжка хварэў.

Алесь Ліпай яшчэ ў апошнія гады СССР працаваў карэспандэнтам радыё "Свабода" ў Беларусі. У 1991 годзе зансаваў незалежнае інфармагенцтва БелаПАН, якім ад пачатку кіраваў. Ён таксама вядомы як паэт, выдаў два зборнікі вершаў. Быў сябрам Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра.

 

 

Анатоль Капскі

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала

22 верасня пасля працяглай хваробы на 52-м годзе жыцця памёр старшыня праўлення ФК БАТЭ Анатоль Капскі. Капскі быў нязменным кіраўніком клуба з 1996 года, калі яго вырашылі адрадзіць. З ім клуб вельмі хутка заняў трывалыя пазіцыі ў чэмпіянаце краіны: 14 разоў выйграваў залатыя медалі і апошнія 12 гадоў застаецца лідарам. БАТЭ стаў першым беларускім клубам, які выйшаў у групавыя этапы Лігі чэмпіёнаў (2008/2009) і Лігі Еўропы (2009/2010).



 

Уладзіслаў Ахроменка

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: svaboda.org

29 кастрычніка ў Беластоку здарыўся інфаркт у пісьменніка Уладзіслава Ахроменкі. Не выходзячы з комы, ён памёр 9 лістапада.

Як пісьменнік Ахроменка працаваў у вострасюжэтных запатрабаваных жанрах — дэтэктыў, трылер, альтэрнатыўная гісторыя. Пад псеўданімамі выдаў каля дзвюх соцень камерцыйных раманаў на расійскай мове, некаторыя з іх экранізаваныя.

Апошнія гады Уладзіслаў Ахроменка жыў ў Чарнігаве, дзе вывучаў у архівах КДБ справы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. На гэтую тэму ён вёў аўтарскую перадачу на "Радыё Рацыя".

 


Ігар Лучанок

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: ТАСС

12 лістапада ва ўзросце 80 гадоў не стала Народнага артыста Беларусі і СССР, кампазітара Ігара Лучанка. За 10 дзён да гэтага яго шпіталізавалі ў гарадскую клінічную бальніцу хуткай меддапамогі Мінска з інсультам.

Ігар Лучанок вядомы як таленавіты і арыгінальны кампазітар-песеннік. Яму належаць такія вядомыя песні, як "Мой родны кут", "Я хаджу закаханы", "Спадчына", "Журавы на Палессе ляцяць", "Алеся" ды інш. Разам з Уладзімірам Мулявіным Лучанок напісаў першую беларускую рок-оперу "Гусляр" (паводле паэмы Янкі Купалы "Курган").

 

 

Уладзімір Журавель

Апошні 2018-ы: славутыя беларусы, якіх сёлета не стала
Фота: dynamo-brest.by

Футбольны трэнер Уладзімір Журавель памёр 18 лістапада на 48-м годзе жыцця пасля цяжкай хваробы.

Журавель быў вядомым футбалістам, гуляў за нацыянальную зборную Беларусі. Трэнерам стаў у 2005-м, працаваў з жодзінскім "Тарпеда", салігорскім "Шахцёрам", з мінскім "Дынама", з "Дачыяй" у Малдове. У апошнія гады ён трэніраваў "Гомель", вярнуў яго ў вышэйшую лігу, пасля — брэсцкае "Дынама", з якім выйграў Кубак Беларусі. Сёлета Уладзімір Журавель працаваў з карагандзінскім "Шахцёрам", але летам звольніўся і вярнуўся ў Беларусь.

 

Больш важных і цікавых навінаў у праграме "Петарда" за 21.12

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі