“Антываенная дэкларацыя” дапаможа беларусам вярнуцца ў вялікі спорт

Спартсменка / pixabay.com
Спартсменка / pixabay.com

“Я сумняюся, што беларускія і, магчыма, нават расійскія тэнісісты сёння маюць нейкія прарэжымныя ці праваенныя погляды”, — кажа Еўрарадыё выканаўчы дырэктар беларускага Фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін. Суразмоўца таксама не думае, што з боку спартоўцаў, якія падпісалі “дэкларацыю аб нейтральнасці” для ўдзелу ва Уімблдонскім турніры гэтым летам, могуць быць нейкія правакацыі.

Згодна з дакументам, удзельнікі спаборніцтваў абавязаныя не рабіць заявы ў падтрымку рэжымаў Расіі і Беларусі і не павінныя атрымліваць фінансавыя сродкі ад сваіх урадаў ці бізнесу, шчыльна звязанага з урадамі.

Да таго ж, на турніры будуць забароненыя сцягі ды іншыя дзяржаўныя сімвалы гэтых краін.

“Але ж дзе гарантыя, што нехта не пранясе “трыкалор” у майтках, а нехта пасля публічна не скажа, што падпісаць дэкларацыю яго прымусілі?” — задаюцца пытаннямі чытачы тэлеграм-канала Еўрарадыё. Навошта ўвогуле такія паслабленні падчас вайны?

“Антываенная дэкларацыя” дапаможа беларусам вярнуцца ў вялікі спорт
Аляксандр Апейкін / Еўрарадыё

— Перамовы з федэрацыямі, перамовы з Міжнародным алімпійскім камітэтам пра ўвядзенне абавязковай “антываеннай дэкларацыі” для ўдзелу атлетаў у спаборніцтвах — гэта натуральны працэс, над якім мы як Фонд спартыўнай салідарнасці працягваем працаваць.

“Антываенная дэкларацыя” мае моцнае сімвалічнае значэнне, бо такі антываенны рух атлетаў павінен набіраць абароты ва ўсім свеце. Спартоўцы мусяць выкарыстоўваць сваю папулярнасць, медыйнасць, шырокую аўдыторыю для прасоўвання антываенных поглядаў. Таму я лічу, што гэта добры крок.        

— Тым не менш, некаторыя беларусы ўжо паспелі раскрытыкаваць гэтую навіну, маўляў, “якая яшчэ можа быць нейтральнасць у дадзенай сiтуацыi? Вы альбо супраць вайны, альбо iдзяце лесам”...

— Арганізатары Уімблдонскага турніра вырашылі зрабіць гэта такім чынам, і гэта іх права. Тут немагчыма навязаць нейкае сваё стаўленне ці пазіцыю, але добра, што міжнародная федэрацыя і арганізатары буйных турніраў разумеюць, што, як мінімум, трэба падстрахоўвацца, каб ва ўдзельнікаў не было праваенных і прарэжымных пазіцыяў. Яны абралі шлях “дэкларацыі аб нейтралітэце”, як я ўжо сказаў, фактычна, “антываеннай дэкларацыі”. Таму наўрад ці мы зараз атрымаем адзіны стандарт ва ўсіх турнірах і ва ўсіх федэрацыях. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі