Андрэй Кабякоў распавёў пра праграму дзейнасці ўрада да 2020 года

Андрэй Кабякоў распавёў пра праграму дзейнасці ўрада да 2020 года

У аўторак, 5 красавіка, Палата прадстаўнікоў ухваліла праграму дзейнасці беларускага ўраду на 2016-2020 гады. Прадставіў дакумент прэм'ер Андрэй Кабякоў.

У дакуменце прапісаны тры рэальныя ўмовы для паляпшэння функцыянавання эканомікі. Першая — забеспячэнне макраэканамічнай збалансаванасці з паступовым скарачэннем узроўню інфляцыі да аднакратных велічынь ужо з 2017 года пры адначасовым зніжэнні рэальных крэдытных ставак, зніжэнне інфляцыі да 5% у 2020 годзе. Другая — дасягненне да канца пяцігодкі аб'ёму золатавалютных рэзерваў да памеру не менш як трохмесячнага аб'ёму імпарту. Трэцяя — забеспячэнне бездаўгавога фінансавання плацежнага балансу краіны і фарміравання ЗВР.

Ёсць рэзервы, каб параметры інфляцыі ў 2016 годзе ўпісаліся ў 12%, сказаў Кабякоў. Калі толькі не паўплываюць на сітуацыю "знешнія фактары" (кошт нафты, курс расійскага рубля і г. д.).

У праграме дзейнасці беларускага ўрада сфармулявана дзесяць прыярытэтных задач, "якія да канца пяцігодкі павінны забяспечыць якасны рост дабрабыту людзей".

Кабякоў: Мінгандлю Беларусі зменіць назву

Раздачы пустых грошай больш не будзе, заявіў прэм'ер-міністр. Паводле яго слоў, крэдытавацца будуць толькі эфектыўныя праекты, і каб прэтэндаваць на дзяржпадтрымку, неабходна будзе спачатку "самым жорсткім чынам аптымізаваць выдаткі".

У верасні з'явіцца стратэгія рэфармавання і рэструктурызацыі дзяржарганізацый

Андрэй Кабякоў заявіў, што выкананне задання па стварэнні 50 тысяч працоўных месцаў (гэта прадугледжана ўказам кіраўніка дзяржавы) будзе жорстка кантралявацца. Паводле яго слоў, стварыць іх дазволяць механізмы, якія прадугледжаны праграмай дзейнасці ўрада. "50 тысяч новых працоўных месцаў — задача складаная, але калі ўсе будуць прымаць адпаведныя высілкі, яе можна вырашыць", — падкрэсліў Андрэй Кабякоў.

У новай пяцігодцы льготныя крэдыты на будаўніцтва жылля стануць сродкам адраснай сацыяльнай дапамогі, заявіў прэм`ер-міністр. Паводле яго слоў, аб`ём ільготнага будаўніцтва жылля істотна скароціцца. За кошт пазабюджэтных крыніц плануецца фінансаваць да 90% усяго аб`ёму жыллёвага будаўніцтва ў краіне. Пры гэтым прапануецца скарачаць бюджэтныя ўкладанні ў стварэнне інфраструктуры пры будаўніцтве.

Паводле слоў прэм'ер-міністра, пакуль узровень даларызацыі беларускай эканомікі застаецца высокім. Цяпер жа ставіцца пытанне аб адвязцы ставак некаторых падаткаў ад замежнай валюты і аб адыходзе ад прывязкі арэндных ставак да СКВ. "Змяншаючы ступень дэдаларызацыі эканомікі, мы памяншаем тым самым залежнасць краіны ад знешніх фактараў", — дадаў Кабякоў.

Стала вядома, што падрыхтаваны праект новага ўказа па сістэмнай падтрымцы і аздараўленні сельгаспрадпрыемстваў. Упор будзе зроблены на дасудовае аздараўленне неплацежаздольных прадпрыемстваў. Андрэй Кабякоў не выключыў магчымасці продажу прадпрыемстваў АПК за адну базавую велічыню, калі знойдуцца ахвотныя "эфектыўныя ўласнікі".

У праграме дзейнасці ўраду адлюстраваныя меры па рэалізацыі стратэгіі развіцця экспарту. Доля экспарту тавараў на новыя перспектыўныя рынкі да 2020 года вырасце да 10% (летась было 5%). Доля паслуг у аб'ёме агульнага экспарту вырасце да 25% (у 2015 годзе было каля 20%).

"Праграма [ўрада] не ўтрымлівае сфармуляваных валавых паказчыкаў. Гэтая праграма — не план ручнога кіравання эканомікай, тут фармулююцца якасныя задачы, нацэленыя на канчатковы вынік", — падкрэсліў прэм'ер-міністр Беларусі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі