Вы тут

Аляксей Грос: пасля пастоў пра сумленныя выбары страціў усе дзяржканцэрты

Аляксей Грос

Уладальнік гран-пры "Славянскага базара" спявак Аляксей Грос распавёў у інстаграме, што пасля пастоў за справядлівую Беларусі і пра сумленныя выбары трапіў у апалу і страціў магчымасць выступаць на дзяржаўных мерапрыемствах. У яго выпадку недабразычліўцы скарысталіся "тэлефонным правам".

"У адзін момант мне проста патэлефанавалі і адмовілі ва ўсіх мерапрыемствах дзяржаўных, і цяпер я нідзе не ўдзельнічаю", — распавёў артыст. Па яго словах, быў адменены выступ на Бале выпускнікоў, дзе прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка.

Грос кажа, што ўжо некалькі дзён збіраецца напісаць вялікі пост пра тое, што адбылося, але не хоча, каб яго лічылі хайпажорам.

"Хочацца, каб вы ведалі, як гэта адбываецца, як гэта працуе. Я артыст, музыка, а не нейкі там аморфны нізкапаклонны кавалак, — кажа Аляксей Грос. — Я гэта ўспрымаю як плявок у мяне, у іншых артыстаў, якім гэтак жа патэлефанавалі, плявок у культуру. Таму што для таго, каб знаходзіцца на падобных мерапрыемствах, не абавязкова быць прафесіяналам, трэба карыстацца прыхільнасцю. А каб карыстацца прыхільнасцю, трэба казаць і спяваць тое, што табе кажуць, не мець ўласнага меркавання. Быць зручным , аморфным. Фу проста! Сорамна. Сорамна баяцца і не мець свайго меркавання".

Апошнімі тыднямі многія беларускія артысты, спартоўцы, медыйныя асобы выказваюцца пра тое, што краіне патрэбныя сумленныя выбары, і пра жорсткасць, з якой міліцыя спыняе пратэсты. Іншыя, наадварот, публічна выступаюць у падтрымку ўладаў.

На днях старшыня Беларускай федэрацыі баскетбола Максім Рыжанкоў параіў некаторым спартоўцам падумаць, што яны кажуць, а не "паказушна безадказна разважаць пра рэчы, далёкія ад іх разумення". А шоўмэн Дзмітрый Урангель, які падтрымлівае на гэтых выбарах палітыка Сяргея Чэрачня, страціў эфіры на дзяржаўным тэлеканале ОНТ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.