Аляксандр Лукашэнка так і не змог вымавіць імя Святланы Ціханоўскай
Аляксандр Лукашэнка / ont.by
Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка не змог вымавіць імя Святланы Ціханоўскай у інтэрв'ю тэлеканалу CNN. Ён наогул адмовіўся пра яе гаварыць.
"Значыць, пра персанаж у жаночым родзе я не буду гаварыць. Я не ваюю з жанчынамі і я не хачу характарызаваць яе", — сказаў Лукашэнка.
У Беларусі некалькі дзясяткаў жанчын маюць статус палітвязняў, то бок асуджаныя, паводле ацэнак праваабаронцаў, за свае погляды або негвалтоўныя праявы свабоды думкі, сумлення і рэлігіі. Каардынатарку штаба Віктара Бабарыкі Марыю Калеснікаву, да прыкладу, асудзілі на 11 гадоў калоніі, а брастаўчанку Паліну Шарэнду-Панасюк — на два гады калоніі. Сваёй віны яны не прызналі. Падчас працэсу Паліна Шарэнда-Панасюк казала, што не лічыць тое, што адбываецца, судом, таму што "палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом не маюць". І да суда ў яе было толькі адно пытанне: "Вам не сорамна?".
Тактыку не называць апанентаў па імені дагэтуль выкарыстоўвалі расійскія чыноўнікі. У размовах пра апазіцыю яны ніколі не называюць па імені Аляксея Навальнага.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.