Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: праз плюралізм Савецкі Саюз разваліўся

Нарада ў Аляксандра Лукашэнкі / БЕЛТА

На нарадзе 9 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ён супраць плюралізму ў партыйным жыцці краіны. 

Распрацоўшчыкаў будучага закона "Аб партыях" ён перасцярог, каб яны не ўлічвалі замежны досвед: "Калі мы дапусцім хоць найменшую памылку пры фармаванні партый, спасылаючыся нібыта на нейкі замежны досвед, мы знішчым краіну, мы яе развалім", — перадае БЕЛТА яго словы.

Лукашэнка выказаўся супраць таго, каб з'явілася шмат невялікіх партый, кожная з якіх будзе адстойваць выключна свае інтарэсы. І згадаў падзеі лета-восені 2020 года.

"Мы думаем: а, партыя — мы яе зарэгіструем, і няхай яна будзе. Ды не, так не будзе! Увесь час будзе сутыкненне інтарэсаў. Добра тут у жніўні і ў іншыя месяцы хадзілі, вы памятаеце, па Мінску ў асноўным. Але гэта адна куча была, прабачце мяне, пратэстуноў. Супрацьстаяла ім іншая сіла на чале з уладай. А калі вываляць розныя і будуць кожны дзень хадзіць?" — асцярогся ён.

Па словах Лукашэнкі, Беларусь не гатовая да нейкай значнай колькасці партый. Ён раскрытыкаваў палітычны плюралізм, які ўзнік у СССР у часы кіравання Міхаіла Гарбачова: "Я ўжо неяк намякаў: калі цяжка ў краіне (а цяжкасцяў яшчэ будзе не менш, не таму што хтосьці там нам санкцыі ўвядзе, — свет змяніўся, ашалеў), у такой сітуацыі разумныя людзі аб'ядноўваюцца вакол нейкага чалавека, нейкай групы людзей. Збіраюцца ў кучу і імкнуцца выстаяць, выжыць. А мы зараз пачнем — плюралізм. Памятаеце, пры Гарбачове мы смяяліся, рагаталі: "плю-ралізм". На каго наплявалі? На саміх сябе".

Лукашэнка дадаў, што ў Беларусі няма досведу палітычных партый: "У нас досведу гэтага няма. Мы краіну праз гэта развалілі, Савецкі Саюз. Гэта ж было на нашых вачах. Вось каб гэтага з Беларуссю не адбылося".

Першыя палітычныя партыі ў незалежнай Беларусі былі зарэгістраваныя каля 30 гадоў таму — на пачатку 1990-х. Нават у кантраляванай уладамі Палаце прадстаўнікоў былі прадстаўнікі розных партыяў (пераважна праўладных, кшталту Камуністычнай партыі Беларусі). Як за 30 гадоў у Беларусі не напрацаваўся досвед партыйнага жыцця, застаецца адкрытым пытаннем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.