Аляксандр Лукашэнка хоча "ўзмацнення палітычнага дыялогу з ЕС"

Аляксандр Лукашэнка хоча "ўзмацнення палітычнага дыялогу з ЕС"

Беларусь гатовая ўзмацніць палітычны дыялог з Еўрасаюзам. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 22 ліпеня на сустрэчы з кіраўніцай прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Андрэа Віктарын, перадае БЕЛТА.

"Няма сёння перашкод для таго, каб узмацняць дыялог не толькі па эканамічных, але і палітычных пытаннях. Беларусь да гэтага гатовая. Давайце будзем у гэтым кірунку рухацца, не чакаючы якіх бы там ні было падзей: ці то парламенцкіх, ці то прэзідэнцкіх выбараў. Думаю, нашы адносіны важней за ўсякія палітычныя кампаніі ў вас ці ў нас", — заявіў беларускі кіраўнік.

Ён падзякаваў Андрэа Віктарын за яе ўнёсак у развіццё адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім саюзам. Таксама Лукашэнка падзякаваў за фінансавую падтрымку ад Еўрасаюза для праектаў у Беларусі.

У сваю чаргу Андрэа Віктарын падкрэсліла, што за апошнія некалькі гадоў Беларусі і ЕС удалося пабудаваць даверныя адносіны. "Паміж намі адбываецца адкрыты дыялог як па палітычных тэмах, так і па эканамічных, а таксама па спецыфічных, асобных пытаннях — такіх, як гандаль, мытныя пытанні і гэтак далей", — заявіла яна.

Як паведамлялася, Андрэа Віктарын накіроўваецца ў Арменію, дзе будзе прадстаўляць інтарэсы Еўрасаюза. На яе месца ў Беларусі вылучаны начальнік упраўлення Расіі Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі