Вы тут

Алексіевіч: мае сябры-аднадумцы ў турме ці выкінуты за мяжу

Затрыманне ў Мінску, 8 верасня 2020-га / Reuters

Нобелеўская лаўрэатка, старшыня Беларускага ПЭНа Святлана Алексіевіч выступіла з заявай пра сітуацыю ў Беларусі. "Ужо не засталося нікога з маіх сяброў-аднадумцаў у Прэзідыуме Каардынацыйнай рады, — піша яна. — Усе ці ў турме, ці выкінутыя за мяжу. Сёння ўзялі, апошнім, Максіма Знака".

Па словах пісьменніцы, "спачатку ў нас скралі краіну, выкрадаюць лепшых з нас". "Але замест выдраных з нашых шэрагаў прыйдуць сотні іншых, — працягвае Алексіевіч. — Паўстаў не Каардынацыйны камітэт. Паўстала краіна".

Святлана Алексіевіч падкрэслівае, што Каардынацыйная рада не рыхтавала пераварот, а намагалася не дапусціць расколу ў краіне, выступала за пачатак дыялогу ў грамадстве. Яна абураная, што Аляксандр Лукашэнка не хоча размаўляць "з вуліцай", з сотнямі тысяч людзей. "Гэта не вуліца. Гэта народ", — піша Алексіевіч.

Нобелеўская лаўрэатка звярнулася да рускай інтэлігенцыі: "Чаму вы маўчыце?.. Чаму вы маўчыце, калі бачыце, як растаптваюць маленькі, горды народ?".

Зварот Святланы Алексіевіч заканчваецца словамі, што хтосьці невядомы зноў тэлефануе ёй у дзверы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.