Актрыса Ганна Хітрык распавяла, што змагаецца з ракам грудзей

Ганна Хітрык. Фота: Еўрарадыё
Ганна Хітрык. Фота: Еўрарадыё

Акртиса Ганна Хітрык распавяла, што змагаецца з ракам грудзей.

"Я думаю пра тое, што мяне вельмі раздражняе, калі я не магу пагаварыць з блізкімі праўдзіва, нічога не ўтойваючы! Бесіць, што я трапіла ў тое самае становішча калі адмяняю сустрэчы таму, што не хачу роспытаў... Хачу ўсё сказаць і паставіць кропку хаця б у адным пытанні, — напісала Хітрык. — Рак грудзей... 3 стадыя... метастазаў няма... Закранутыя лімфы... За спінай 2 хіміі [сеансы хіміятэрапіі. — Еўрарадыё]... Наперадзе 6 месяцаў хіміі і аперацыя...
 
А потым валасы адрастуць, страх сыдзе, і я вярнуся да вас моцная. І мы абдымемся... І паплачам, і пасмяемся. І я заспяваю вам новыя і старыя гісторыі. І, дай Бог, я змагу дапамагчы дзяўчынкам, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі!"

Ганна Хітрык — беларуская актрыса і музыкант. Ёй 38 гадоў. Пасля заканчэння Акадэміі мастацтваў у Мінску працавала ў Купалаўскім тэатры, супрацоўнічала з Сучасным мастацкім тэатрам.

У 2006 годзе Ганна ўвайшла ў склад гурта "Дзеці дзяцей", а пасля яго распаду ў 2010 годзе стала фронтвуман групы S°unduk. Увосень 2017 году разам з мужам, акцёрам Сяргеем Рудзенем, пераехала ў Ізраіль — дзеля сына Сцёпы, якому паставілі дыягназ "аўтызм".

У той час Хітрык у інтэрв'ю Еўрарадыё прызнавалася, што ў будучыні плануе працаваць з дзецьмі з аўтызмам: "Хачу стаць мегаспяцом, прыехаць у Беларусь і дапамагаць такім дзецям тут".

Для мяне патрыятызм і любоў да сваёй радзімы — гэта павага да людзей, якія тут працуюць і хочуць зрабіць сваю краіну лепшай, — казала яна. — Людзі, якія размаўляюць па-беларуску, калі размаўляюць ад душы, а не каб зарабіць бабла, для мяне — гонар і мой народ. Я не магу цяпер гаварыць па-беларуску, таму што хвалююся і кажу на вельмі балючыя для сябе тэмы. Я ўсміхаюся, але, спадзяюся, вы настолькі разумныя, што разумееце, як для мяне гэта цяжка. Але калі б мы гаварылі пра Купалаўскі і пра ролі, я б залівалася песняй".

Ганна, папраўляйцеся! Мы верым у вас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі