Агенты Лукашэнкі за мяжой: наколькі гэта рэальная пагроза?

Шараговым актывістам баяцца няма чаго, сцвярджае былы сілавік / Depositphotos
Шараговым актывістам баяцца няма чаго, сцвярджае былы сілавік / Depositphotos

Аб'яднанне былых сілавікоў "B*Pol" днямі заявіла пра выкрыццё агента ГУБАЗіК, які працуе на тэрыторыі Польшчы. Ён нібыта быў засланы ў Варшаву для ліквідацыі Паўла Латушкі і лідараў "B*Pol".

Прадстаўнік аб'яднання "B*Pol" Аляксандр Азараў сцвярджае, што "кілер" — былы крымінальнік і засланы ў Польшчу неафіцыйна:

— Гаворка пра Славу па мянушцы Воўк. Наогул, МУС не мае права накіроўваць сваю агентуру за мяжу для здзяйснення нейкіх дзеянняў, гэта прэрагатыва КДБ ці знешняй разведкі ГРУ. Закідванне агентаў МУС — гэта парушэнне ўсіх законаў: яму немагчыма нават даць нейкае даручэнне афіцыйнае, каб ён ехаў здзяйсняў нейкія дзеянні за мяжой, таму што юрысдыкцыя МУС распаўсюджваецца толькі па тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Таму Слава Воўк быў закінуты сюды толькі па асабістым указанні Міхаіла Бедункевіча [начальнік 3-га ўпраўлення ГУБАЗіК. — Еўрарадыё]. Калі цяпер у ГУБАЗіКу правесці праверку, то ніякіх дакументаў, заданняў не будзе.

Наколькі гэтая пагроза рэальная?

— Яму, вядома, дадзена заданне фізічнай ліквідацыі альбо прычынення цяжкай шкоды здароўю. Гэта — сто адсоткаў. Пытанне: ці будзе ён гэта выконваць? Чалавек адна рэч знаходзіцца ў Беларусі і цалкам пад кантролем ГУБАЗіК, а іншая — вырываецца за мяжу, і ён можа, у прынцыпе, змяніць нейкія свае планы. Але ён у іх на кручку, таму што ён прафесійны платны агент. Ён працуе ўжо больш за дзесяць гадоў: ён гаспадар прэс-хаты на Валадарскага і прасаваў усіх палітычных зняволеных, якія праходзілі праз 3-е ўпраўленне ГУБАЗіК.

Яны гэтую інфармацыю маглі апублікаваць, і дзякуючы гэтаму яны трымалі яго на кручку. Цяпер, у прынцыпе, мы ўжо апублікавалі гэтую інфармацыю. Так, ён ужо баіцца за сваё жыццё, таму што яму будуць помсціць яго ж калегі па цэху, тыя самыя крымінальнікі, якіх ён і прадстаўляў. Я ведаю, ён сядзеў у Магілёўскай турме і ў яго былі вялікія праблемы з крыміналітэтам. І ўсе думалі, што ён памёр, і яго ніхто не шукаў. Цяпер, калі яны даведаліся, што ён жывы на самай справе, то яны будуць яго шукаць у Беларусі і прад'яўляць свае прэтэнзіі.

Але чаму пасылаюць за мяжу не прафесійнага супрацоўніка, а нейкага крымінальніка?

— Яны пасылаюць таго, хто ёсць. Калі ўспомніць 2017 год, калі супрацоўнік ГУБАЗіК Якіменка выехаў у Румынію і зніклі з сейфа 270 тысяч долараў. Тады Бедункевіч з Карпянковым разам сядзелі і думалі, як яму адпомсціць, таму што ён атрымаў румынскае грамадзянства, А Румынія адмовіла ў яго выдачы. І вось яны прыдумалі: паслаць агента, які яго там знішчыць. І быў выбраны якраз Слава Воўк — проста іншых не знайшлі, ён адзіны, каму давяраў Бедункевіч. Ён інструктаваў, што трэба высачыць Якіменку, падкрасціся да яго ззаду і металічнай трубой праламаць яму галаву, напрыклад. Так, гэты чалавек, у прынцыпе, на такое здольны.

Ці ёсць пагроза простым актывістам за мяжой?

— Я хачу сказаць што гэтым людзям няма чаго баяцца, таму што агентура Лукашэнкі, якая высылаецца сюды, яна нешматлікая. Гэта адзінкі людзей, а беларусаў, якія з'ехалі за мяжу, налічваецца, па розных ацэнках, да паўмільёна. На кожнага ім не хопіць рук, і яны палююць толькі на лідараў і праводзяць вось працу нейкую толькі з лідарамі, не з усімі грамадзянамі Беларусі. Польскія спецслужбы таксама ахоўваюць беларусаў: яны прысутнічаюць на акцыях нейкіх ці нейкіх мерапрыемствах беларускіх. І прысутнічаюць для таго, каб прадухіліць здзяйсненне злачынства ў дачыненні да беларусаў. Гэта значыць, не кожны падазроны чалавек, які знаходзіцца на мітынгу, будзе агентам, гэта можа быць прадстаўнік мясцовых спецслужбаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі