Адзін з уладальнікаў A1 хоча прадаць бізнес у Беларусі

A1 — найбуйнейшы беларускі сотавы аператар
Мексіканскі гігант America Movil галасуе за тое, каб пакінуць беларускі рынак.
Беларускі аператар сотавай сувязі A1 можа быць прададзены. Пра гэта задумваецца мажарытарны акцыянер A1 Telekom Austria Group – мексіканскі тэлекамунікацыйны гігант America Movil.
Аўстрыйскае выданне Kurier са спасылкай на крыніцы ў дзелавых колах паведамляе, што кампанія, якая валодае 51% акцый A1 Telekom Austria Group, галасавала за спыненне бізнесу ў Беларусі. Але прафсаюзы і прадстаўнікі працаўнікоў аўстрыйскай групы выступілі супраць.
Галоўнай прычынай, па якой бізнес у Беларусі да гэтага часу захоўваецца, з'яўляецца прыбытковасць беларускага A1. Гэта адно з самых прыбытковых падраздзяленняў A1 Telekom Austria Group. Аўтары артыкула лічаць, што мексіканскі бізнес не сыдзе з Беларусі, нягледзячы нават на пагрозы нацыяналізацыі, агучаныя беларускай прапагандай і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам.
У адваротным выпадку, пакупніка для такога актыву знайсці будзе нескладана. Долю ў A1 могуць выкупіць расіяне ці кітайцы. Аднак гэта прывядзе да страты працоўных месцаў у Аўстрыі, чаго не жадаюць дапускаць прафсаюзы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.