Адвакат просіць апраўдаць Сашу Варламава

Вырак гучнага судовага працэсу чакаецца праз некалькі тыдняў.





25 чэрвеня ў судзе Ленінскага раёна Мінска працягнуліся спрэчкі бакоў на працэсе мадэльера Сашы Варламава. Падчас свайго выступу адвакат Варламава пералічыў заслугі мадэльера перад краінай, яго ўнёсак у развіццё нацыянальнай індустрыі моды. Абаронца таксама пералічыў усе спрэчныя моманты, якія, на яго думку, утрымліваюцца ў аргументах абвінавачання. У прыватнасці, адвакат назваў непраўдзівымі звесткі пра існаванне ў Варламава кватэры ў Берліне. Указаў таксама на памылкі, дапушчаныя следствам пры кваліфікацыі абвінавачання.





“Неабгрунтавана лічыць, што мой падабаронны меў юрыдычныя паўнамоцтвы для ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці… Ён займаўся мастацкім бокам… Варламаў не меў права займацца грашовымі і маёмаснымі пытаннямі, не меў такіх паўнамоцтваў. Гэта мусілі рабіць іншыя людзі”, — паведаміў адвакат падчас свайго выступу.





Выступ адваката цягнуўся больш за дзве гадзіны. Ён папрасіў суд апраўдаць свайго падабароннага па ўсіх эпізодах абвінавачання.





На паседжанне прыйшло ўсяго некалькі сваякоў і блізкіх Варламава, агулам пяць чалавек. Мадэльер уваходзіў у залу суда з дапамогай мыліцаў.





Нагадаем, што мадэльера Сашу Варламава могуць прызнаць вінаватым па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса — "злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі", "махлярства ў асабліва вялікім памеры", "крадзеж у буйным памеры шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі", "прыўлашчванне маёмасці" і "ўхіленне ад выплаты падаткаў". Пракурор запрасіў для Варламава пяць гадоў калоніі. Фактычна за кратамі мадэльер знаходзіцца ўжо больш за два гады – ад траўня 2011-га. Суд над ім працягваецца ад лютага 2013 года.





Фота — svaboda.org