Саша Варламаў стварыў Тэатр моды “Шафа” (фота)

Акцёрамі выступяць дзеці ад 6 да 17 гадоў. Заняткі пачаліся 22 сакавіка і ідуць двойчы на тыдзень у Цэнтральным дзіцячым парку (Фрунзэ, 2). Юных удзельнікаў вучаць харэаграфіі, вакалу, акцёрскаму майстэрству, дэфіле, дэкламацыі. Для Сашы Варламава гэта ўжо не першы досвед стварэння тэатра моды.

Саша Варламаў: “Яшчэ за часам Савецкага Саюза мне давялося стварыць Мінскі тэатр моды, які ў 1987 годзе заняў першае месца на ВДНГ СССР. У 1991 годзе Тэатр моды быў знішчаны – бо была Перабудова, і ліквідоўвалі практычна ўсё. У сярэдзіне 1990-х гадоў цягам года ў мяне быў юрыдычна зарэгістраваны “Тэатр моды Сашы Варламава”. Мы тады з праграмай “Бенефіс эгаістаў” аб’ехалі практычна ўсю краіну, за год пабылі ў кожным, нават раённым цэнтры”.

На тое, каб вярнуцца да ідэі Тэатра моды менавіта цяпер, Сашу Варламава падштурхнулі назіранні за сучаснымі тэндэнцыямі ў паказах калекцый.  Усё часцей яны адбываюцца з удзелам танцораў, харэографаў. І хоць канструкцыю адзення тады разгледзець бывае і цяжэй, але вобраз і хараство рэчаў падносяцца больш выйгрышна, пластычна і выразна. Ды і гледачам на паказах хочацца больш відовішчнасці, больш тэатра – каб не адчуваць сябе, як у краме.

Саша Варламаў: “Прыйшоў час пераасэнсаваць творчасць і прааналізаваць працэсы, якія адбываюцца ў модзе сучаснай Беларусі. Я зразумеў, што гэта менавіта тое, што неабходна для таго, каб прасоўваць моду, прыцягваць да яе ўвагу. І прывабліваць маладых дызайнераў і тых, хто яшчэ не дызайнер, але, можа, некалі будзе. Бо у тэатры моды акцёры не толькі ходзяць па сцэне, танчаць або спяваюць – але ўдзельнічаюць у стварэнні эскізаў, у стварэнні моднага вобразу”.

Саша Варламаў у час спектакля "Час, мы, мода" у Мінскім тэатры моды. Мінск, 1988 г. Фота з Вікіпедыі

Спярша Тэатр засяродзіцца на пастаноўцы аднаго твора аўтарства самога Варламава. Але ў запасе стваральнік Тэатра мае і іншыя.

У часе здымкаў спектакля "Credo" у Мірскім замку, 1990 год. Фота з Вікіпедыі.

Саша Варламаў: “Планую, што гэта будзе інсцэніроўка казкі “Шум у шафе”. Раней, у 2005 годзе, у  мяне была пастаноўка “Дзікае паляванне” – мая ўласная транскрыпцыя твора Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха”. Яшчэ раней, у 1989 годзе, быў спектакль “Credo”, пастаўлены ў мінскім Тэатры моды і быў прысвечаны 500-годдзю з дня нараджэння Францішка Скарыны. Скарына памёр, будучы на пасадзе садоўніка пражскага караля. Таму тут можа быць месца і архідэям, і парсунам, і перакладзенай Бібліі, і сярэднявечнаму гораду – усё гэта досыць сцэнічнае”.

Саша Варламаў на рэпетыцыі ў Мінскім тэатры моды, 1987 год. Фота з Вікіпедыі.

Саша Варламаў не выключае, што будзе шукаць кампаньёнаў у тэатральнай сферы. Кажа, што адна справа працаваць з дзецьмі, якія хочуць стаць мадэлямі. І іншая справа навучыць іх танчыць, выявіць сябе ў акцёрскай гульні, спевах, маляванні. Дарэчы, ў Тэатры моды Варламаў не будзе навязваць свае ўборы ўдзельнікам – дасць волю маладзейшым.

Саша Варламаў: “Я з’яўляюся тут мастацкім кіраўніком, аўтарам праекта. І хацеў бы, каб тут бралі ўдзел тыя, каму гэта цікава, каму трэба заявіць пра сябе, прасунуць сваё імя. Таму гэта будзе маё аўтарскае творчае суправаджэнне, а прыцягваць да стварэння касцюмаў я буду маладых, каму гэта цікава”.

Першыя заняткі ў Тэатры моды "Шафа" Фота з Фэйсбука Сашы Варламава

Апроч усіх пералічаных вышэй асаблівасцяў Тэатра моды, Варламаў адзначае і яшчэ адну: ролю ў фарміраванні асобы. То бок, калі ўдзельнікі Тэатра і не пойдуць далей па акцёрскім шляху, то, прынамсі, здабудуць пэўны жыццёвы досвед.

Саша Варламаў: “У маім жыцці так сталася, што тэатр адыграў вельмі вялікую ролю. Я часта прыгадваю сваё знаходжанне ў Вялікім тэатры, дзе я некалькі год вывучаў харэаграфію ў вучэльні. Потым быў тэатр пад кіраўніцтвам Юрыя Сцяпанава, галоўнага рэжысёра тэлебачання ў той час. Я памятаю ўсё гэта, ведаю, колькі дае тэатр. Тэатр дае вельмі шмат для станаўлення, развіцця, каб жыццё было не такім невыносным”.

Пастаноўка "Шуму ў шафе", паводле Варламава, павінна адбыцца прыкладна ў кастрычніку. Больш падрабязную інфармацыю пра заняткі можна знайсці на старонцы Сашы Варламава ў Фэйсбуку.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі