Ад 190 да 12 000 рублёў: якую працу прапануюць на Кірмашы вакансій?
![Ад 190 да 12 000 рублёў: якую працу прапануюць на Кірмашы вакансій?](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/pexels-photo-1161465.jpeg.webp?itok=qD_H6hNy)
У Мінску прайшоў кірмаш вакансій транспартных і прамысловых прадпрыемстваў. Было прапанавана больш за 400 розных вакансій. Мы прагледзелі іх усё і зрабілі для вас цікавую падборку. Даступнасць вакансій можна паглядзець на сайце "Дзяржаўнай службы занятасці".
Самы масавы працадаўца — Мінскі метрапалітэн
![Ад 190 да 12 000 рублёў: якую працу прапануюць на Кірмашы вакансій?](/sites/default/files/paragraphs/image/minsk-metro.jpg)
У Мінскага метрапалітэна больш за сто вакансій. У аддзеле кадраў патлумачылі Еўрарадыё, што такая колькасць свабодных месцаў — з-за таго, што большасць маладых спецыялістаў забралі ў войска:
“Немалую частку складаюць месцы, якія вызваліліся. З-за чаго? Справа ў тым, што мы набралі маладых спецыялістаў, а іх у войска забралі, таму ў нас атрымалася так шмат свабодных вакансій. Вядома, частка людзей набіраецца і на новую, трэцюю лінію”.
Манцёр пуці — каля 45 месцаў, зарплата — 595 рублёў. Тунэльны рабочы — каля 35 месцаў, магчымая зарплата — 500 рублёў. Машыніст уборачных машын — больш за 30 месцаў, абяцаюць плаціць 430 рублёў.
Самая вялікая зарплата
![Ад 190 да 12 000 рублёў: якую працу прапануюць на Кірмашы вакансій?](/sites/default/files/paragraphs/image/41ed646791f9abef5c2dee4a6bc1c0a1.jpg)
Самую вялікую зарплату прапануюць камандзіру паветранага судна ў “Белавія”. Мяркуючы па патрабаваннях, прыйдзецца лётаць на адным з самалётаў сямейства CRJ. Накшталт таго, на базе якога нядаўна прэзентавалі “Танкалёт”. Патрабаванне: веданне англійскай мовы не ніжэй за чацвёрты узровень ІКАО (стандарты Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі) і мець досвед працы на самалётах сямейства CRJ. Абяцаная зарплата — 12 тысяч рублёў, што складае прыкладна 5,6 тысячы долараў.
Самая дзіўная вакансія
![Ад 190 да 12 000 рублёў: якую працу прапануюць на Кірмашы вакансій?](/sites/default/files/paragraphs/image/f527642d41ce919a4d63aebb3833.jpg)
Цясляр у “Белавія”. Устрывожыліся? Супакойцеся, ён не рамантуе самалёты. Як распавялі Еўрарадыё ў аддзеле эксплуатацыі наземных збудаванняў і капітальнага рамонту, куды шукаюць спецыяліста, цясляр патрэбны для розных падручных работ:
“Як і ўвесь наш аддзел, цясляр будзе займацца падтрыманнем у працоўным і эстэтычным стане памяшканняў і будынкаў. Адрэгуляваць фурнітуру, правесці нейкі рамонт мэблі, тых жа дзвярэй. Вось для гэтага нам цясляр і патрэбны”.
Абяцаюць заробак у 600 рублёў.