Абвінавачанне ў забойстве Аляксандра Коржыча нікому не выстаўленае
Дзесяці фігурантам справы аб гібелі ў Печах салдата Аляксандра Коржыча выставілі абвінавачанне, але не ў забойстве. Гэта — афіцэр, прапаршчык і восем сяржантаў, паведаміла Еўрарадыё афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова. Паводле яе слоў, артыкулы тыя, пра якія інфармавалася раней — “нестатутныя адносіны”, “халатнасць” і “махлярства”. Пра забойства гаворка не ідзе, адзначыла Ганчарова.
Адзін з афіцэраў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе, ён застаецца ў статусе падазраванага.
Як паведамляла Еўрарадыё, Коржыча знайшлі павешаным у вайсковай частцы, дзе ён служыў. Пасля таго, як справа набыла грамадскі рэзананс і яе ўзяў на кантроль кіраўнік дзяржавы, Следчы камітэт паведаміў, што на галаву хлопца была нацягнута майка, а яго ногі былі перавязаны шнурком (спачатку гаворка ішла выключна пра суіцыд). Разглядаюцца тры версіі смерці Коржыча: самазабойства, давядзенне да самазабойства і наўмыснае забойства.