Вы тут

Следчы камітэт: Магчыма, і іншыя трагічныя выпадкі ў войску дойдуць да суда

Іван Наскевіч, фота Змітра Лукашука

На целе Аляксандра Коржыча, якога знайшлі павешаным на тэрыторыі вайсковай часткі, не знайшлі слядоў пабояў. Пра гэта, адказваючы на пытанне Еўрарадыё, заявіў старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч.

Наскевіч: Каля 15-20 следчых штодня займаюцца толькі гэтай крымінальнай справай. На сёння распрацоўваюцца тыя ж тры асноўныя версіі, пра якія мы казалі і раней: самазабойства, давядзенне да самазабойства і наўмыснае забойства. Распачатыя і прынятыя да вытворчасці ўжо 13 крымінальных спраў. Гэта і нестатутныя адносіны, і халатнасць, і махлярства.

Еўрарадыё: Чаму не распачатая справа па артыкуле “Забойства”?

Наскевіч: Калі б з моманту агляду месца здарэння былі пераканаўчыя сведчанні, што мела месца забойства, справа была б распачатая па факце забойства. Дарэчы, мы атрымалі заключэнне судовай медэкспертызы, у адпаведнасці з якой на целе Коржыча не маецца ніводнага цялеснага пашкоджання за выключэннем следу ад пятлі. Уся тая інфармацыя, што на яго целе нібыта жывога месца не было, не адпавядае рэчаіснасці. А тыя сляды на целе, якія сваякі і сябры палічылі пабоямі ― гэта пасмяротныя змены, трупныя плямы.

На пытанне Еўрарадыё, ці будзе Следчы камітэт распачынаць справы па фактах гібелі салдат, якія сталі вядомыя пасля трагедыі ў Печах, старшыня Следчага камітэта адказаў станоўча.

Наскевіч: Яшчэ да шквалу публікацый пасля здарэння ў Печах мы запатрабавалі ўсе матэрыялы праверак, так званыя “адказныя матэрыялы” за апошнія 6 гадоў ― за час працы Следчага камітэта. І не толькі па фактах смерці, але і па фактах нанясення цялесных пашкоджанняў ваеннаслужачым для дадатковай праверкі. Я не выключаю, што па некаторых справах рашэнні аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы ці спыненні тых крымінальных спраў, што былі распачатыя, будуць адмененыя, каб інакш паглядзець на тую ці іншую сітуацыю. Але калі вы думаеце, што будуць прынятыя іншыя рашэнні па гэтых справах толькі таму, што ўзняўся шырокі грамадскі рэзананс, то гэта не адпавядае рэчаіснасці. Раней людзі, фігуранты тых спраў, маўчалі, а цяпер пачынаюць гаварыць. Там, дзе змена паказанняў ці змена карціны здарэння прывядзе да нейкай іншай ацэнкі, мы будзем адмяняць адмовы ў распачынанні крымінальных спраў, адмяняць рашэнні аб спыненні спраў і, магчыма, распачынаць новыя справы. Не выключана, што нешта дойдзе і да суда.

Але тое, што пасля трагедыі з Аляксандрам Коржычам і таго рэзанансу, які яна набыла, змяніўся настрой і ў фігурантаў іншых спраў, пра гэта ўжо можна смела казаць, заявіў Іван Наскевіч Еўрарадыё.

Як вядома, справа Аляксандра Коржыча нядаўна ўсхвалявала беларускае грамадства. Хлопца знайшлі павешаным у падвале будынка ў вайсковай частцы. Як заявілі ў Следчым камітэце, на галаву хлопца была нацягнутая майка, а ногі былі перавязаныя. Разглядаюцца тры версіі прычыны смерці — самагубства, давядзенне да самагубства і наўмыснае забойства. Сярод вайскоўцаў ёсць затрыманыя. Расследаванне знаходзіцца на кантролі ў кіраўніка дзяржавы.

Галоўнае

Выбар рэдакцыі