Абвешчаны прысуд па справе палітвязня Мікалая Дзядка

Абвешчаны прысуд па справе Мікалая Дзядка / spring96.org​
Абвешчаны прысуд па справе Мікалая Дзядка / spring96.org​

Да пяці гадоў калоніі агульнага рэжыму прысудзіла суддзя Мінскага гарадскога суда Анастасія Папко блогера і актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы.

Дзядок каля года правёў у зняволенні. Яго затрымалі ў лістападзе мінулага года на канспіратыўнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёна, дзе ён хаваўся. Пры затрыманні моцна збілі. У матэрыялах крымінальнай справы зафіксавана, што ў Дзядка былі шматлікія сінякі. На левым сцягне, да прыкладу, быў сіняк быў памерам 26 на 18 см.

Дзядка абвінавачвалі па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо ўдзеле ў іх (арт. 342); у закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны (арт. 361); а таксама ў незаконных дзеяннях у дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў (арт. 295-3). 

Дзядок не прызнаў віну ні па адным з выстаўленых яму абвінавачванняў.

"Усе ўдзельнікі працэсу з юрыдычнай адукацыяй выдатна бачаць і разумеюць, што адбываецца", — сказаў ён у апошнім слове. Блогер падзякаваў таксама родным, сябрам, таварышам-анархістам, журналістам, праваабаронцам і ўсім неабыякавым за падтрымку, а потым звярнуўся да арганізатараў палітычных працэсаў: "Не маю ілюзій! Ніякія напісаныя вамі паперкі, ніякі тэрор не здольныя спыніць вызваленне чалавека і прагрэс. Мы ўсё роўна пераможам!"

Праваабаронцы прызналі Мікалая Дзядка палітвязнем.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі