40 тысяч чалавек — столькі замежнікаў прыехалі ў Гродна па “безвізе”

У Гродне сустрэлі 40-тысячнага замежнага турыста, які прыбыў у горад у парадку бязвізавага рэжыму. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на ўпраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама, гэта 60-гадовы Леонас Літвінавічус з Вільні. Мужчына наведаў Гродна ўпершыню і прыбыў у горад у складзе турыстычнай групы. Паколькі ён быў “юбілейным” госцем, літоўцу ўручылі сувеніры ў падарунак.

Паводле звестак упраўлення, ад пачатку года Гродна і Гродзенскі раён без візаў наведала болей за 40 тысяч замежных турыстаў з болей як 50 дзяржаваў. Толькі за мінулы тыдзень сюды прыбыло 2,6 тысячы чалавек.

Часцей за ўсё ў Гродна прыбываюць госці з Польшчы і Літвы, якія бяруць двухдзённыя туры. Палова турыстаў падарожнічаюць індывідуальна.