Вы тут

20-гадовая студэнтка падала скаргу ў суд на Аляксандра Лукашэнку

Аляксандр Лукашэнка / Reuters

20-гадовая студэнтка падала скаргу ў суд на Аляксандра Лукашэнку, інфармуе партал TUT.by. Яна мае намер абскардзіць указ кіраўніка дзяржавы аб правядзенні парламенцкіх выбараў, прызначаных на лістапад (7-га — у Савет Рэспублікі, 17-га — у Палату прадстаўнікоў). Такім чынам, паўнамоцтвы Палаты прадстаўнікоў скарочаныя на 10 месяцаў. Але, як адзначае заяўніца, Лукашэнка не меў падставаў для гэтага, прадугледжаных Канстытуцыяй (заключэнне Канстытуцыйнага суда ў выпадку сістэматычнага ці грубага парушэння парламентарамі Канстытуцыі, двухразовай адмовы ў дачы згоды на прызначэнне прэм'ер-міністра ды іншае). У скарзе, зарэгістраванай у судзе Ленінскага раёна Мінска, адзначаецца, што перанос выбараў на дзесяць месяцаў ушчамляе права заяўніцы быць абранай. Як вядома, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў можна стаць толькі з 21 года.

Лізавета навучаецца ў адным з універсітэтаў сталіцы. Паводле яе слоў, палітыкай яна захапілася нядаўна. Ідэю абскардзіць указ кіраўніка дзяржавы аб правядзенні парламенцкіх выбараў яна некалькі месяцаў таму пачала абмяркоўваць са знаёмым юрыстам. Ён шукаў 20-гадовых людзей, якія маглі б падаць такую скаргу. Лізавета пагадзілася, хаця і не планавала балатавацца ў дэпутаты.

У тое, што скаргу разгледзіць суд, студэнтка не верыць. Яна кажа, што "гэта больш такі перфоманс, каб паказаць, што дзіркі ў нас ёсць нават у Канстытуцыі".