Вы тут

З'явілася выніковая справаздача БДІПЧ АБСЕ па прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі

Прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі 11 кастрычніка 2015 года, зноў паказалі, што ў нашай краіне яшчэ наперадзе значны шлях да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай выніковай справаздачы назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ. У дакладзе адзначаецца, што "для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформ" неабходная палітычная воля кіраўніцтва Беларусі.

Назіральнікі звяртаюць увагу на пэўнае паляпшэнне і "ветлівае стаўленне" ўладаў Беларусі да місіі, адзначаюць, што выбарчая кампанія і непасрэдна дзень выбараў праходзілі мірна. Але "значныя праблемы, асабліва падчас падліку галасоў і падсумавання вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў", гаворыцца ў дакладзе.

Змены ў выбарчым заканадаўстве Беларусі напярэдадні выбараў праводзіліся без уліку рэкамендацый АБСЕ і Венецыянскай камісіі. У выніку, адсутнасць ясных крытэрыяў адбору чальцоў выбарчых камісій дала магчымасць мясцовым уладам уплываць на гэты выбар, у выніку чаго ў іх практычна не было прадстаўнікоў апазіцыі.

БДІПЧ таксама адзначае, што ЦВК не апублікавала агульнай колькасці надрукаваных і выдадзеных бюлетэняў. Акрамя таго, у Беларусі адсутнічае адзіны спіс выбаршчыкаў, што дае магчымасць шматразовай рэгістрацыі выбаршчыкаў, у тым ліку ў дзень выбараў.

Назіральнікі БДІПЧ сачылі за звядзеннем вынікаў галасавання ў 133 з 142 тэрытарыяльных выбарчых камісій. У 25% выпадкаў працэс быў ацэнены негатыўна і не быў празрысты.

Сярод станоўчых момантаў назіральнікі называюць вызваленне палітвязняў напярэдадні выбараў; магчымасць для ўсіх ініцыятыўных груп збіраць подпісы па ўсёй краіне.

БДІПЧ АБСЕ рэкамендуе ўнесці папраўкі ў Выбарчы кодэкс Беларусі, якія гарантавалі б адкрытасць і празрыстасць на ўсіх этапах выбарчага працэсу, у тым ліку выбару чальцоў выбаркамаў, праверкі сабраных подпісаў, выкананне правоў назіральнікаў, а таксама сумленны падлік галасоў.

У законы таксама павінны быць унесеныя змены, якія дазволяць любому выбаршчыку падаваць скаргі на рашэнні, дзеянні або бяздзейнасць выбарчых камісій усіх узроўняў, якія прывялі да парушэння правоў выбаршчыка. Рэкамендавана зрабіць захады па забеспячэнні бесперашкоднага доступу ўсіх грамадзян і міжнародных назіральнікаў да назірання за ходам выбарчай кампаніі, ходам галасавання і падлікам галасоў, інфармуе БелаПАН.