ЗША маглі б стаць пасярэднікам у перамовах паміж Кіевам і Масквой — Трамп

У Трампа склаліся добрыя адносіны з Уладзімірам Пуціным / Reuters
У Трампа склаліся добрыя адносіны з Уладзімірам Пуціным / Reuters

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін быў "трохі аслаблены" праз мяцеж, які зладзіў Яўген Прыгожын. Гэта зручны час для пачатку перамоваў пра завяршэнне вайны паміж РФ і Украінай. А ЗША маглі б стаць пасярэднікам у гэтым працэсе, лічыць былы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.

"Я хачу, каб людзі перасталі паміраць праз гэтую недарэчную вайну",заявіў ён у інтэрв'ю Reuters.  Пры гэтым Трамп не выключыў, што Кіеву, магчыма, давядзецца саступіць частку сваёй тэрыторыі Расіі. Паводле яго слоў, калі б ён быў прэзідэнтам, усё гэта было б "прадметам перамоваў". Пры гэтым ён адзначыў, што ўкраінцы, якія вядуць самаадданую барацьбу за абарону сваёй зямлі, "заслужылі шмат павагі".

"Я думаю, яны мелі б права захаваць большую частку таго, што яны зарабілі, і я думаю, што Расія таксама пагадзілася б на гэта", — сказаў Трамп. Дзейны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн прытрымліваецца пазіцыі, што Расія мусіць сысці з усёй украінскай тэрыторыі. Раней прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі прапанаваў свой мірны план з 10 пунктаў. Адзін з пунктаў — гэта вывад расійскіх войскаў з усёй украінскай тэрыторыі. У цяперашні час украінскія войскі вядуць контрнаступальныя баі, маюць пэўныя поспехі.

Нагадаем, Трамп можа стаць кандыдатам у прэзідэнты ад рэспубліканцаў на выбарах у ЗША. Выбары пройдуць у наступным годзе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі