Зорныя музыкі з беларускім каранямі (фота)

Гітарыст Rammstein Паўль Ландэрс нарадзіўся 9 снежня 1964 года ў Брэсце. Ён атрымаў імя Іван, а прозвішча, паводле некаторых дадзеных, у яго было Барбоцька. У глыбокім дзяцінстве яго сям’я пераехала ў Маскву. Там разышліся маці з бацькам. З новым мужам маці перавезла малога Ваню ў Берлін. Ад жыцця ў Савецкім Саюзе ў Івана засталася адзіная спадчына — ён даволі ладна размаўляе па-руску.

У Германіі Іван ажаніўся з Мартай Ландэрс і ўзяў яе прозвішча, а разам з ім і імя Паўль. Будучая зорка прытрымліваецца правілаў першапраходцаў рускага року, і ў Берліне працуе качагарам у бібліятэцы. Вольны час, безумоўна, цалкам аддае музыцы. Спачатку граў у гурце "Die Firma", потым "Feeling B". У 1994 годзе становіцца адным са стваральнікаў Rammstein, гісторыю якога ўсе добра ведаюць.

Знакаміты кампазітар, джазмен, аўтар балетаў, опер, вакальна-сімфанічных і камерных твораў, а таксама многіх песень для брадвейскіх мюзіклаў Вернан Дзюк нарадзіўся 10 кастрычніка 1903 года на станцыі Парф’янава Докшыцкага раёна, Віцебскай вобласці. Сапраўднае імя музыкі — Уладзімір Аляксандравіч Дукельскі. У зялёным дзяцінстве яго сям’я пераязджае на Урал, а потым у Крым. У ЗША Вернан Дзюк пераехаў у 1921 годзе, а ў 1939-м атрымаў амерыканскае грамадзянства. Цяпер яго музычна-літаратурны архіў захоўваецца ў Бібліятэцы Кангрэса ЗША, а ў Беларусі пра яго нават не памятаюць.

Выбітны бас-гітарыст ды стыкіст Тоні Левін таксама мае беларускія карані. У адным з інтэрв’ю перад прыездам у Расію музыка прызнаўся:

“Мая маці з Украіны, а ўсе бабулі і дзядулі з Украіны і з Беларусі, так што, я даўно хацеў прыехаць, пабачыць тутэйшых людзей, падыхаць гэтым паветрам… Я спрабаваў пераканаць King Crimson паехаць сюды (размова пра Расію. — заўв. Еўрарадыё), я прапаноўваў Пітэру Гэбрыэлу, але мне так і не ўдавалася зладзіць гэтыя гастролі. Цяпер я шчаслівы і чакаю, як гэта будзе. Ва ўсялякім выпадку, я люблю гарэлку!”

Тоні Левін граў з Пітэрам Гэбрыэлам, King Crimson, Pink Floyd, Джонам Ленанам, Dire Straits, Элісам Куперам, Дэвідам Боўі, Eddie Van Halen ды шматлікімі іншымі сусветнымі зоркамі. Калі б яго продкі не з’ехалі з Беларусі, музыка мог бы навучыць карыстацца стыкам і нашых рок-зорак. А мог бы і проста спіцца…

Кароль сёрф-гітары Дзік Дэйл (сапраўднае імя Рычард Энтані Мансур) таксама не хавае беларускага паходжання. Яго бабуля — тутэйшая, праўда, іншай інфармацыяй музыка, на жаль, не валодае. Затое дакладна вядома, што стартавай кропкай сёрф-рока лічыцца 1962 год, калі Дзік Дэйл выдаў тры асноўныя хіты: “Misirlou”, “Surf Beat” и “Let’s Go Trippin”. А апошняй і асноўнай хваляй папулярнасці гэтага стылю лічыцца з’яўленне трэкаў музыкі ў фільмах Квенціна Таранціна.

Дэвід Артур Браўн — амерыканскі музыкант, вакаліст, аўтар песень ды лідар гурта Brazzaville калісьці распавёў:

“У мяне ёсць яўрэйскія карані, а сям’я маёй маці — выхадцы з Беларусі і Балгарыі. Я быў адзін з нешматлікіх белых хлопчыкаў у раёне, таму адчуваю сябе камфортна сярод розных людзей, і не важна, якога колеру ў іх скура. Больш за тое, мне заўсёды крыху дзіўна, калі навокал толькі белыя амерыканцы”.

Ён нават падумваў пашукаць могілкі сваякоў, калі прыязджаў з канцэртам у Мінск. Але часу на гэта так і не знайшлося.

Савецкі паэт, акцёр, аўтар-выканаўца, аўтар празаічных твораў Уладзімір Высоцкі мае родавае котлішча ў Бярозаўскім раёне Беларусі. Да такіх высноў прыйшлі беларускія даследчыкі.

“Гэта пацвярджае дакумент — натарыяльная копія метрычнага пасведчання. Там гаворыцца, што Вольф Шлёмавіч Высоцкі — гэта дзед Высоцкага, нарадзіўся ў Брэсце, а яго бацька мешчанін мястэчка Сялец — Шлём Высоцкі”, — кажа загадчык аддзелу даследаванняў Бярозаўскай раённай газеты “МаякМікалай Сінкевіч.

У Брэсце дзед Высоцкага Вольф ажаніўся з фельчаркай Бранштэйн. А вяселле яны сыгралі па яўрэйскіх традыцыях. Пасля яны пераехалі ў Кіеў, дзе нарадзіўся сын Сямён — бацька Высоцкага.

Лідар гурта “Мумий ТролльІлля Лагуценка перад мінскім канцэртам у падтрымку альбома "Редкие земли" распавёў журналістам, што таксама мае беларускія карані. Як высветлілася, яго дзед — той самы архітэктар Віталь Лагуценка, які ў свой час прыдумаў "хрушчоўкі".

"Мой дзед нарадзіўся ў Магілёве, потым пераехаў у Маскву і паступіў у архітэктурны інстытут. Пазней яму далі тэхнічнае заданне, рассяліць людзей з камуналак, зрабіць вельмі эканамічнае жытло — што, на маю думку, дзядуля і зрабіў".

Нават у прымадонны Алы Пугачовай прадзед з прабабуляй (Павел і Марыя), жылі ў вёсцы Узгорск Слаўгарадскага раёна Магілёўскай вобласці. У часы калектывізацыі дзядуля Пугачовай Міхаіл з’ехаў у Маскву, дзе нарадзіўся сын Барыс (бацька спявачкі). Продкі Алы Барысаўны пахаваныя пад Магілёвам. І дагэтуль у Магілёве жыве яе цётка Валянціна Пятроўна Валуева.

У Андрэя Макарэвіча, заснавальніка і адзінага бяззменнага лідара гурта “Машина времени”, дзед па бацьку быў вясковым настаўнікам у вёсцы Паўловічы Гродзенскай губерні. Бабуля па бацьку —родам з вёскі Блудзень таксама Гродзенскай губерні. У 1915 годзе яны пераехалі ў Маскву, дзе нарадзіўся бацька музыкі. Дарэчы, дзед і бабуля па матчынай лініі ў Андрэя Макарэвіча таксама беларусы, родам з вёсак Віцебшчыны.

Пра тое, што нарвежскі спявак і скрыпач Аляксандр Рыбак беларускага паходжання, гаманілі ўсе журналісты пост-савецкай прасторы. Ганарыцца пераможцам “Еўрабачання-2009” ды яшчэ рэкардсменам па колькасці балаў за ўсю гісторыю конкурсу — не сорам. Сям’я Рыбакоў дагэтуль захоўвае сувязь з радзімай, бо ў Мінску жывуць бабуля па маці і сястра па бацьку. Бабуля па бацьку жыве ў Віцебску. Дарэчы, бацька музыкі Ігар Аляксандравіч — таксама скрыпач, працаваў ён у музычным ансамблі ў Віцебску, ды ў Мінскім камерным аркестры. А маці працавала ў рэдакцыі музычных праграм Беларускага тэлебачання.

Музычных зорак з беларускімі каранямі па ўсім свеце безліч. Можна прыгадаць і эмігранта Віктара Смольскага — лідара нямецкай метал-каманды Rage і цяпер ужо беластоцкі гурт Toobes, але большасць усё ж асела на беспамернай расійскай эстрадзе: Алёна Свірыдава, Шура і Лёва Би-2, Дыяна Арбеніна, Барыс Маісееў, Наталля Падольская і шмат-шмат каго яшчэ.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі