Зноў Салядар і ЗША рыхтуе новы пакет дапамогі Украіне — 330-я раніца вайны

Ва ўкраінскім Генштабе кажуць, што адбілі атаку ля Солядара / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua
Ва ўкраінскім Генштабе кажуць, што адбілі атаку ля Солядара / ілюстрацыйнае фота facebook.com/GeneralStaff.ua

Салядар застаецца ў зводках Украінскага Генеральнага штаба, хоць расіяне яшчэ 12 студзеня заявілі, што ўсталявалі кантроль над горадам. У ранішняй зводцы, у прыватнасці, гаворыцца, што за мінулыя суткі "сілы абароны Украіны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Белагораўка Луганскай вобласці і Тэрна, Верхнякаменскае, Салядар, Соль, Красная гара, Бахмут, Кляшчэеўка" і яшчэ шэрагу іншых населеных пунктаў у Данецкай вобласці.

Расійскія войскі працягваюць наступальныя аперацыі каля Саледара, Бахмута, Аўдзееўкі і Данецка, кажуць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW). Акрамя таго, расіяне працягваюць абмежаваныя контратакі, каб вярнуць страчаныя пазіцыі каля Крамянной (гэта ў Луганскай вобласці). Таксама ў Інстытуце адзначаюць канцэнтрацыю расійскіх сіл у Запарожскай вобласці гэта робіцца альбо для буйных абарончых, альбо наступальных дзеянняў, адзначаюць экспэрты.

Яны таксама заўважылі, што на поўдні Украіне расіяне ўсё часцей выкарыстоўваюць запальныя боепрыпасаў "для правядзення, як уяўляецца, звычайных удараў". На думку аналітыкаў ISW, гэта можа быць звязана з тым, што расійскія сілы сутыкаюцца з недахопам звычайных артылерыйскіх снарадаў.

Опять Соледар и США готовит новый пакет помощи Украине — 330-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Пра сітуацыю на Данбасе казаў у вячэрнім звароце і прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі. Паводле яго слоў, гэты рэгіён застаецца "эпіцэнтрам самых жорсткіх і прынцыповых баёў". Па словах Зяленскага, паступова фіксуецца павелічэнне колькасці абстрэлаў і спробаў наступальных дзеянняў з боку праціўніка.

А яшчэ Зяленскі паабяцаў апублікаваць інфармацыю аб прычынах авіякатастрофы ў Браварах, "як толькі будуць устаноўленыя дакладныя факты". Зараз у СБУ разглядаюць тры версіі: парушэнне правілаў палёту, тэхнічная няспраўнасць верталёта, наўмысныя дзеянні па знішчэнні транспартнага сродку.

Нагадаем, напярэдадні раніцай у Браварах побач з дзіцячым садком упаў верталёт. На яго борце знаходзілася кіраўніцтва МУС. Паводле звестак ратавальнікаў, загінулі 14 чалавек, у тым ліку адно дзіця. 25 чалавек, у тым ліку 11 дзяцей, пацярпелі.

ЗША выдзеліць Украіне вайсковую дапамогу яшчэ на 2.5 мільярда даляраў. Аб кошце і змесце новага пакеты піша CNN. Медыя падкрэслівае, што гэты пакет стане адным з найбуйнейшых з пачатку расійскага ўварвання. Аб ім можа быць абвешчана ўжо ў бліжэйшыя дні. У гэты пакет дапамогі ўпершыню ўвойдуць баявыя бронемашыны Stryker, а таксама больш баявых машын Bradley. Таксама ў спісе могуць быць машыны з абаронай ад мін і засад, вядомыя як MRAP. А яшчэ ў новы пакет могуць увайсці ракеты GLSDB пра гэта ўжо пісаў рэсурс Politico.

Пра амерыканскую дапамогу для Украіны піша і The New York Times. Выданне сцвярджае са спасылкай на ананімных амерыканскіх чыноўнікаў, што адміністрацыя прэзідэнта ЗША Джо Байдэна схіляецца да таго, каб даць Кіеву зброю для нацэльвання па расійскіх аб'ектах у анэксаваным Крыме. Гаворка ідзе аб аб'ектах, якія РФ выкарыстоўвае як базу для удараў па Украіне.

Як адзначаюць крыніцы выдання, пасля некалькіх месяцаў дыскусій з украінскім бокам адміністрацыя Байдэна "нарэшце пачынае прызнаваць", што Кіеву можа спатрэбіцца "сіла, каб нанесці ўдар па расійскім свяцілішчы", нават калі такі крок павялічыць рызыку эскалацыі. У адміністрацыя Байдэна прыйшлі да высновы, што "калі ўкраінская армія зможа паказаць Расіі, што яе кантроль над Крымам можа апынуцца пад пагрозай, гэта ўзмоцніць пазіцыі Кіева на маючых адбыцца перамовах".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі