Зніжэнне даходаў людзей і -7% ВУП не катастрофа для рэжыму: эксперты пра санкцыі

Беларуская эканоміка можа паглыбіцца ў дэпрэсію / unsplash.com
Беларуская эканоміка можа паглыбіцца ў дэпрэсію / unsplash.com

З 2022 года жыццё беларусаў стане яшчэ цяжэйшым. Беларускія ўлады і санкцыі вядуць эканоміку да дэпрэсіі, але на палітыцы ўладаў гэта не адаб'ецца, мяркуе расійскі эканаміст, кіраўнік Цэнтра даследаванняў постіндустрыяльнага грамадства Уладзіслаў Іназемцаў.

Беларускія і расійскія эканамісты на канферэнцыі "Беларуска-расійскі экспертны дыялог" растлумачылі, чаму гэты год беларуская эканоміка скончыць з нядрэннымі паказчыкамі, а налета беларусы зажывуць горш, але не настолькі, каб здарылася рэвалюцыя.

 

У моманце ўсё выглядае нядрэнна

Падение доходов людей и -5-7% ВВП не катастрофа для режима: эксперты о санкциях
Экспарт рос за кошт ажыўлення сусветнага гандлю пасля 2020 года / Еўрарадыё

У 2021 годзе паказчыкі ў беларускай эканоміцы выглядаюць досыць добра. Рост ВУП за студзень — жнівень склаў 3% да адпаведнага перыяду 2020 года. Так адбываецца за кошт знешняга гандлю, расказвае старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.

— Гэта значыць, рост эканомікі — гэта пераважна вынік знешніх абставін.

Затое ўнутраныя праблемы выклікаюць сур'ёзныя асцярогі. Першая — цэнавая стабільнасць і ўзровень інфляцыйных чаканняў. Другая — фінансавая стабільнасць.

— З аднаго боку, цэны, якія растуць, — гэта глабальны трэнд, але для Беларусі гэта значна больш небяспечна. Здольнасць нашага Нацбанка ўплываць на інфляцыю ў сярэднетэрміновай перспектыве выглядае вельмі сумнеўна. Адна з прычын — нізкая ступень даверу, нават можна гаварыць пра татальны недавер як да эканамічнай палітыкі, так і да нацыянальнай валюты і банкаўскай сістэмы. Гэта стварае перадумовы для інфляцыйнай спіралі, — расказвае Дзмітрый Крук.

У жніўні гадавая інфляцыя дасягнула 9,8% пры мэтавым паказчыку 5%.

Падение доходов людей и -5-7% ВВП не катастрофа для режима: эксперты о санкциях
За год беларускі рубель абясцэніўся амаль на 10% / Еўрарадыё

Праблемы з фінансавай стабільнасцю таксама шмат у чым звязаныя з паводзінамі насельніцтва. Ужо паўтара года беларусы працягваюць выносіць з банкаў дэпазіты, асабліва ў замежнай валюце. Толькі за восем месяцаў 2021 года беларусы вынеслі з банкаў валютных дэпазітаў на $0,73 млрд долараў. На 1 верасня ў банках засталося $10,3 млрд валютных дэпазітаў.

— Многія індыкатары, звязаныя з магчымасцю забяспечваць абавязацельствы фінансавых пасярэднікаў у замежнай валюце, маюць устойлівую негатыўную дынаміку. Груба кажучы, людзі складаюць грошы пад матрац. Гэта сур'ёзна пагаршае сітуацыю. І магчымасцяў яе нівеляваць няшмат.

 

Галоўнае пытанне — наколькі глыбокай будзе рэцэсія

Акрамя таго, у 2021 годзе пачнуць дзейнічаць еўрапейскія санкцыі па каліі і нафтапрадуктах.

— Сектаральныя санкцыі па каліі і нафтапрадуктах патэнцыйна закранаюць ад 10% да 13,5% усяго беларускага экспарту ў залежнасці ад інтэрпрэтацыі некаторых палажэнняў. Праз тэарэтычную мадэль бяруся сцвярджаць, што патэнцыйныя страты пры такім маштабе шоку на працягу двух-трох кварталаў могуць скласці да 6% ВУП, а на больш працяглым прамежку яны могуць дасягаць 10% ВУП. Акрамя таго, у санкцыях прысутнічае фінансавы складнік, які паступова падточвае фінансавую стабільнасць, якую я ахарактарызаваў як хісткую і кволую, — працягвае Дзмітрый Крук.

Падение доходов людей и -5-7% ВВП не катастрофа для режима: эксперты о санкциях
У Нацбанка няшмат сродкаў для падтрымання фінансавай стабільнасці / Еўрарадыё

Эканаміст адзначае, што прыведзеныя лічбы могуць адрознівацца ад рэальнасці. Ахоп санкцый можа мяняцца ў залежнасці ад інтэрпрэтацыі партнёрамі.

— Напэўна будуюцца і шматлікія лагістычныя схемы і бізнес-схемы праз розныя пракладкі, каб абысці санкцыі, — кажа Дзмітрый Крук. — Па шэрагу пазіцый могуць быць спробы экспарт, "які вызваляецца", накіраваць на іншыя геаграфічныя напрамкі. Збольшага гэта магчыма. Так, са стратамі, але без драматычных наступстваў для ВУП.

Паколькі эфект знешнегандлёвага цуду ўжо слабее і хутка скончыцца зусім, да канца года Дзмітрый Крук прагназуе рост ВУП на 2,4%. Калі санкцыі пачнуць больш інтэнсіўна ўплываць на эканоміку ўжо ў 2021 годзе, то рост ВУП будзе 1,7–2,4% па выніках года.

— Гэта нядрэнна, але нельга назваць каласальным поспехам. У нас вельмі вялікія шанцы спаўзці ў рэцэсію. Самае галоўнае пытанне — гэта наколькі глыбокай і працяглай станецца такая рэцэсія і ці будзе ёй спадарожнічаць фінансавы стрэс ці нават паўнавартасны фінансавы крызіс. Дрэнныя варыянты адказаў на гэтыя пытанні могуць выліцца ў працяглую дэпрэсію для эканомікі.

 

Санкцыі могуць быць эфектыўнымі, калі стануць радыкальнымі

 

Падение доходов людей и -5-7% ВВП не катастрофа для режима: эксперты о санкциях
Санкцыі супраць "Беларуськалія" не закранаюць вялікай часткі прадукцыі прадпрыемства / Еўрарадыё

Хоць санкцыі супраць Беларусі сур'ёзнейшыя, чым калі б там ні было, на палітыку беларускіх уладаў гэта наўрад ці паўплывае, лічыць Уладзіслаў Іназемцаў.

— Захад, на мой погляд, сам не вызначыўся наконт таго, чаго хоча дасягнуць. Думаю, заходнія краіны, па сутнасці справы, хочуць атрымаць эфект 2010 года, калі рэжым выпусціў шэраг палітвязняў, потым пачалося збліжэнне, якое далёка не пайшло, а потым усё вярнулася на кругі свая. У гэтым кантэксце, вядома, санкцыі эфектыўныя не будуць.

Эксперт падкрэслівае, што ў адрозненне ад кейса з санкцыямі супраць Расіі ўплыў Захаду на беларускую эканоміку нашмат большы.

— Самы просты прыклад — аўтамабільны рынак Расіі прыблізна ў 20 разоў большы, чым у Беларусі. Залежнасць Еўропы ад расійскіх энерганосьбітаў несупастаўная з пастаўкамі "Беларуськалія". У еўрапейцаў і амерыканцаў ёсць магчымасць рэальна знішчыць беларускую эканоміку, калі яны захочуць. Санкцыі могуць быць эфектыўнымі, калі яны будуць вельмі радыкальнымі.

Уладзіслаў Іназемцаў перакананы, што заходнія краіны не гатовыя выклікаць эканамічны калапс у Беларусі.

— Санкцыі сапраўды будуць пад'ядаць эканоміку. Налета яны могуць прынесці шкоду ВУП 5-7%. Але досвед Расіі паказвае, што эканоміка, якая дзесяць гадоў ідзе ўніз або боўтаецца каля нуля, пры зніжэнні даходаў насельніцтва на 2-3% у год для аўтарытарнага рэжыму не катастрофа.

Гэта значыць, для таго, каб рэжым рэальна быў знесены, эфект санкцый павінен быць вельмі значным. У гэтым выпадку гэта пытанне не спынення, напрыклад, авіятрафіку, а поўнай забароны транзіту.

Падение доходов людей и -5-7% ВВП не катастрофа для режима: эксперты о санкциях
Лукашэнка і Пуцін на сустрэчы ў Сочы / Reuters

Уладзіслаў Іназемцаў звяртае ўвагу на меркаванне, што жорсткія санкцыі фактычна штурхаюць Лукашэнку ў абдымкі Расіі.

— Чую гэта ўвесь час і не згодны. Менавіта падштурхоўванне Лукашэнкі ў абдымкі Расіі і ёсць самы магутны правакатар рэвалюцыі. Таму што беларускае насельніцтва не хоча расставацца з суверэнітэтам, не хоча ўваходзіць у склад Расіі і атрымліваць пуцінскае самавольства.

Пуцін, думаю, таксама не хоча прымаць Беларусь у склад Расіі як Крым. Атрымаць 9 мільёнаў незадаволеных грамадзян, якія значна больш свабодна думаюць, чым расіяне, гэта не вельмі добра як мінімум для яго.

Калі санкцыі ўсё ж прывядуць беларускія ўлады да жадання ўвайсці ў склад Расіі, гэта выкліча магутную дэстабілізацыю сітуацыі, якая можа зрынуць рэжым, упэўнены Іназемцаў.

— Заканчваючы, магу сказаць, што санкцыі прыкметныя, яны выклічуць эканамічны спад у 2022 годзе, але ён не будзе дастатковы для сур'ёзнага ўзрушэння, якое можа быць супастаўным з падзеямі канца лета 2020 года, — робіць выснову Уладзіслаў Іназемцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі