Зміцер Дашкевіч у судзе. Фота і відэа

Зміцер Дашкевіч у судзе. Фота і відэа

У пятніцу, 10 сакавіка, у Мінску быў затрыманы лідар маладафронтаўцаў, кіраўнік нядаўняй абароны Курапатаў Зміцер Дашкевіч. Гэта адбылося практычна ў жывым эфіры, паколькі ён прадбачыў затрыманне і вёў трансляцыю сваіх перамяшчэнняў па горадзе. Дашкевіч ішоў па вуліцы і ў гэты момант на яго напалі са спіны.

У судзе Савецкага раёна ён атрымаў ад адваката пратакол затрымання. У ім адзначаецца, што затрыманне на вуліцы Чарнышэўскага было здзейснена "ў мэтах забеспячэння своечасовага і правільнага разгляду справы аб адміністрацыйным правапарушэнні і забеспячэння ўдзелу пры разглядзе справы". Нібыта, міліцыянеры спачатку прадставіліся (на відэа чутны жаночы голас "Здравствуйте, это милиция"). Нібыта, актывіст не выканаў "законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі", супраціўляўся і да яго былі ўжытыя спецсродкі. Зміцер Дашкевіч распавёў, што не звярнуў увагі на хлопца, які ішоў з дзяўчынай, а яны аказаліся праваахоўнікамі. Ён кажа, што падчас затрымання яго павалілі на зямлю.

Дашкевіча вінавацяць у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама ў дробным хуліганстве.

Відэа: Еўрарадыё

У судзе ў Змітра Дашкевіча запыталіся, ці прыцягваўся ён да адміністрацыйнай адказнасці. "Пастаянна", — адказаў актывіст. "Па якіх артыкулах?", — пытаецца суддзя. "Палова кодэксу!", — кажа Зміцер.

"Ці давяраеце суду?", — працягваюцца абавязковыя пытанні. "Савецкаму суду ніколі не давяраў!", — каламбурыць Дашкевіч. Мы ж у судзе Савецкага раёна Мінска! Але адвод суддзі апазіцыянер не заяўляе: не бачыць сэнсу.

На Дашкевіча склалі 5 пратаколаў: 1 за хуліганства, 1 за супраціўленне і 3 за несанкцыянаваныя акцыі. Гэта стала вядома пасля перапынку суда. Зараз паказанні дае Таццяна Леаненка — дзяўчына, якая ўдзельнічала ў затрыманні і сказала: "Здравствуйте, это милиция".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі