Злотнікаў: Мазырскі НПЗ прадаюць як "Белтрансгаз" у крызісным 2011-м

Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў эканаміст Леанід Злотнікаў.



Пра тое, што Беларусь прапанавала "Раснафце" купіць Мазырскі НПЗ, паведаміў сёння віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч. Па яго словах, адной з умоваў продажу будзе павелічэнне паставак нафты на гэты завод.



Леанід Злотнікаў мяркуе, што асноўная ўмова будзе іншая:



Злотнікаў: "Там, мабыць, гаворка ідзе пра тое (і гэта ўжо было ў друку), каб Расія пагадзілася зняць вяртанне экспартнага мыта. Мы ж вяртаем экспартныя мыты на экспарт нафтапрадуктаў, якія выпрацоўваюцца з расійскай нафты. Гэта недзе 3-4 мільярды долараў. якія мы зараз пералічваем у бюджэт Расіі. І гутарка ідзе пра гэтыя 3-4 мільярды долараў".



Эканаміст нагадвае, што расійская кампанія валодае часткай акцыяў Мазырскага НПЗ, але не мае кантрольнага пакета. Продаж акцыяў Мазырскага заводу ён параўноўвае з продажам акцыяў "Белтрансгаза" ў 2011 годзе.



Злотнікаў: "Вы памятаеце, што ў другой палове 2011 года "Газпрому" была прададзеная другая палова акцыяў "Белтрансгаза". Тады была вельмі цяжкая сітуацыя з валютай, цяжка было выйсці з крызісу — і тады прадалі другую палову акцыяў. Зараз гэтая прапанова прадаць палову акцыяў зноў гаворыць пра вельмі цяжкое фінансавае становішча. Вельмі патрэбная валюта, каб падтрымаць узровень жыцця, каб танныя крэдыты даваць прадпрыемствам, каб рабочыя былі занятыя і атрымоўвалі большы заробак..."



Фота — svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі