Жырыноўскі: Беларусь расквітнее, калі стане адной дзяржавай з Расіяй

Жырыноўскі: Беларусь расквітнее, калі стане адной дзяржавай з Расіяй

Дэпутат Дзярждумы Расіі Уладзімір Жырыноўскі прапанаваў Аляксандру Лукашэнку далучыць Беларусь да Расіі, а пасля тое самае зрабіць з Украінай. Пра гэта палітык напісаў у сваім Telegram-канале.

“Даўно пара уз'яднаць Расію і Беларусь як адну дзяржаву. Навошта выдумляць: а давайце спачатку мытню або спачатку тарыфы? Беларусь расквітнее, калі мы зноў станем адной дзяржавай”.

На думку Жырыноўскага, адзіны рубель беларуска-расійскай дзяржавы можа быць мацнейшым за еўра, “таму што забяспечаны велізарнымі рэсурсамі”. Чаму сёння еўра каштуе больш за 70 расійскіх рублёў, забяспечаных вялізарнымі рэсурсамі, лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Расіі не патлумачыў.

 

“Не вучыць жа ім па пяць моў?”

Далей Жырыноўскі прапануе ўсім, хто ўвойдзе ў аб’яднаную дзяржаву, вывучыць рускую мову, бо так зручней.

“Ніхто не павінен абмяжоўваць свабоду людзей. Дзе захочуць гаварыць па-беларуску — калі ласка. Па-ўкраінску — калі ласка. Павінны захавацца нацыянальныя газеты, тэатры, школы. Але зручней ўсё ж такі выкарыстоўваць агульную мову, — працягвае Жырыноўскі. — Я добра памятаю савецкі час. Тады многія нярускія па нацыянальнасці з задавальненнем гаварылі па-руску. Напрыклад, я часта бываў у Абхазіі. Там жывуць грузіны, абхазы, рускія, эстонцы, армяне, і ўсе гавораць паміж сабой па-руску. Не вучыць жа ім па пяць моў? А нацыянальнасць наогул не трэба паказваць, мы павінны быць проста грамадзянамі адной краіны”.

Пытанне беларуска-расійскай інтэграцыі пачало абмяркоўвацца з новай сілай напачатку тыдня, калі газета “Коммерсантъ”, абапіраючыся на ўласныя крыніцы, напісала пра планы па частковым аб’яднанні эканомік Беларусі і Расіі. Па меркаванні аўтара артыкула Дзмітрыя Бутрына, інтэграцыя будзе на ўзроўні Еўрасаюза, а ў шэрагу аспектаў — роўная канфедэратыўнай ці нават федэратыўнай дзяржаве. На яго думку, беларуская эканоміка будзе паглынутая расійскай. Пагатоў, што яна ў 29 разоў меншая за расійскую. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі