Журналістку Кацярыну Андрэеву вінавацяць у здрадзе дзяржаве

Палітзняволеную журналістку Кацярыну Андрэеву вінавацяць у здрадзе дзяржаве (ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса). Пра гэта ў сацсетках напісаў яе муж Ігар Ільяш

"Следства завершанае, справа неўзабаве будзе перададзеная ў пракуратуру. Магчыма, ужо ў траўні адбудзецца суд. Каці пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі", — піша ён.

Ігар Ільяш не ведае, на чым грунтуецца абвінавачанне. Ён піша, што справай займалася ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці.

"Следства праходзіла ва ўмовах поўнай сакрэтнасці — г. зн. аж да ўчорашняга дня, на працягу 55 сутак пасля яе пераводу ў СІЗА, сваякі не ведалі ні статусу Каці, ні артыкула, па якім праводзяцца тыя самыя "працэсуальныя дзеянні". Пра сутнасць абвінавачвання мы нічога не ведаем дагэтуль і, напэўна, ніякай інфармацыі на гэты конт ужо не атрымаем — суд відавочна будзе закрытым", — дадае ён.

Кацярына Андрэева была асуджаная на 2 гады пазбаўлення волі за стрым з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Яе разам з Дар'яй Чульцовай прызналі вінаватамі ў арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК). На волю палітзняволеныя журналісткі мусілі выйсці 5 верасня 2022 года.

"Каця абсалютна невінаватая. Яна ніколі не рабіла нічога супрацьзаконнага. Гэтая крымінальная справа — жахлівая па сваёй цынічнасці і жорсткасці помста за журналісцкую дзейнасць", — падкрэслівае Ігар Ільяш.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.