Вы тут

Затрыманы бізнесмен Сяргей Шакуцін, малодшы брат Аляксандра Шакуціна

Сяргей Шакуцін. Фота: БЕЛТА

Затрыманы беларускі бізнесмен Сяргей Шакуцін, дырэктар кампаніі "Іскамед", інфармуе партал tut.by, які спасылаецца на свае крыніцы. Ён — малодшы брат Аляксандра Шакуціна, старшыні савета дырэктароў "Амкадор-кіруючая кампанія холдынга".

Як вядома, у Беларусі працягваюцца затрыманні па "справе медыкаў". Па ёй праходзяць дзясяткі чалавек. "Іскамед" Сяргея Шакуціна — адно з найбуйнейшых прыватных прадпрыемстваў на фармацэўтычным рынку нашай краіны. Разам з Шакуціным за краты трапіла група бізнесменаў, якія таксама займаліся пастаўкамі медыцынскай тэхнікі і лекаў. Іх падазраюць у дачы хабараў чыноўнікам. Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт пакуль няма.

Спіс затрыманых папаўняецца з чэрвеня, калі КДБ заявіў пра выяўленне карупцыйнай схемы ў сферы аховы здароўя Беларусі. Сярод затрыманых апынуліся дырэктар прадпрыемства "Белмедтэхніка" Аляксандр Шарак (паглядзіце, у якіх умовах ён захоўваў 620 тысяч долараў) дырэктар цэнтра экспертыз і выпрабаванняў у ахове здароўя Аляксандр Сталяроў, начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Андрэй Стрыжак, начальнік ваенна-медыцынскага ўпраўлення Мінабароны Аляксей Яськоў, намеснік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі, галоўны лекар Мінскай абласной бальніцы Андрэй Каралько, дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра траўматалогіі і артапедыі Аляксандр Бялецкі, галоўны лекар 9-й бальніцы Валерый Кушнярэнка, загадчык эндаскапічным аддзяленнем Андрэй Саўчанка.