Вы тут

Затрымалі ўласніка крамаў "Грын" і ГЦ "Скала" Генадзя Кірэйкава

Генадзь Кірэйкаў / delo.by

Затрыманы бізнесовец Генадзь Кірэйкаў — заснавальнік групы кампаній "РАПА", якім належыць гандлёвая сетка Green і гандлёвы цэнтр "Скала". Таксама Кірэйкаў займаецца будаўніцтвам цэнтра на месцы Чэрвеньскага кірмаша ў Мінску. 

Па звестках "Нашай Нівы", Кірэйкава затрымалі тыдзень таму, калі ён вярнуўся з адпачынку ў Іспаніі. Яго знаёмыя кажуць, што фармальна "нешта налічылі", а нефармальна ходзяць чуткі пра палітычную прычыну арышту. 

На УНС 12 лютага Аляксандр Лукашэнка не назваў "Грын", але паведаміў, што адну гандлёвую кампанію "выразаюць па яго даручэнні": 

"Не буду называць кампанію, якую мы проста зараз выразаем. Гандлёвая. Вазьміце беларускі тавар, прадукты харчавання, прадайце. "Вы "ябацькі"? Беларускае? Прэч!" Кажу: праверце, а што там? Егіпецкая бульба, польскія яблыкі, літоўская прадукцыя і гэтак далей. Асабіста даручыў сваім людзям прайсці і паглядзець. Скажыце, як я павінен ставіцца да такой кампаніі, калі стварылі ўмовы, каб яна тут працавала? Яе ў Беларусі не будзе, яна ў нас не дэфіцыт".

Кірэйкаў працаваў разам з братам Анатолем Кімам, абодва яны маюць карэйскія карані. Раней абодва мелі прозвішча "Кім", але з нейкіх прычынаў Генадзь прозвішча памяняў. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.