Замест Украіны фестываль Be Free сёлета праедзе турам па Беларусі

Арганізатары канчаткова адмовіліся праводзіць фэст у Чарнігаве. І перанеслі яго на наступны год у Роўна.  А гэтай восенню па Беларусі праедзе Be Free-тур. Фестывалю Be Free сёлета не будзе. Як паведаміў Еўрарадыё адзін з арганізатараў фэста Віталь Супрановіч, мэрыя ўкраінскага горада Чарнігава, дзе мусіла адбыцца мерапрыемства, пайшло насустрач пажаданням сваіх калег-чыноўнікаў з Гомеля і адмовіла ў дазволе на правядзенне музычнага свята.

Віталь Супрановіч: “Сёлета фестываль не адбудзецца — ён пераносіцца на наступны год. Як мы даведаліся, рашэнне аб забароне фэсту прымалася на вельмі высокім узроўні, там сапраўды існуюць непажаданні з боку гомельскіх уладаў, каб гэта праходзіла. Нам далі зразумець, што няма сэнсу спрабаваць гэта зрабіць у Чарнігаве — спрыяння мясцовых улад не будзе”.

Менавіта таму, кажа Супрановіч, арганізатары ўжо цяпер пачалі дамаўляцца з іншым горадам на правядзенне Be Free.

Віталь Супрановіч: “Хутчэй за ўсё, ён пройдзе ў Роўне альбо дзесьці непадалёк ад Роўна. Пра гэта ўжо цяпер вядуцца перамовы з мясцовымі ўладамі. І ўлады паставіліся даволі прыязна да таго, каб у іх адбыўся такі фестываль. Мне здаецца, што там усё павінна быць добра”.

Але каб падстрахавацца, арганізатары вырашылі ўжо цяпер атрымаць у мэрыі Роўна паперу з пацвярджэннямі аб папярэдняй дамове на правядзенне ў іх фэста Be Free.

Праўда, Супрановіч не выключае таго, што пасля мясцовых выбараў, якія пройдуць у Чарнігаве ўвосень, новыя ўлады гэтага горада захочуць, каб да іх вярнуўся арганізаваны беларусамі міжнародны фестываль. Вось толькі ці захочуць нашы туды вяртацца, Віталь сумняваецца.

Віталь Супрановіч: “У прынцыпе, нам казалі, што пройдуць выбары і на наступны год усё можна будзе правесці. Але ці захочам мы туды вяртацца пасля той сітуацыі, у якой мы апынуліся цяпер, — гэта вялікае пытанне. Такая вось няпэўнасць, калі прайшлі выбары і нам сказалі, што ўсё добра, а потым мы зноўку даведваемся за некалькі тыдняў, што нехта некаму патэлефанаваў і зноўку ўсё памянялася…”

Але і гэты год арганізатары Be Free не хочуць пакінуць без увагі да свайго фестывалю. Паводле словаў Супрановіча, увосень па гарадах Беларусі яны плануюць праехаць з Be Free-турам.

Віталь Супрановіч: “Недзе з восені мы пачнем ладзіць тур па гарадах Беларусі, Be Free-тур, каб папулярызаваць сам фестываль і пазнаёміць моладзь з розных куткоў Беларусі з ідэяй фэсту, з музыкамі, што ездзяць на яго. Такая рэкламная кампанія пачнецца недзе з сярэдзіны-канца восені”.

Дакладны фармат такіх рэкламных паездак-канцэртаў пакуль удакладняецца. Магчыма, кажа Супрановіч, адначасова арганізатары будуць адбіраць маладыя гурты для ўдзелу ў галоўным Be Free.

На фота: гурт "Крама" на фестывалі Be Free ў Луцку

Фота: Змітра Лукашука

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі