Вы тут

Замест самай трэшовай прыбіральні Беларусі пабудуюць новую

Туалет на аўтастанцыі ў Глыбокім / Еўрарадыё 

На аўтастанцыі ў Глыбокім у Віцебскай вобласці пачалі будаваць новую прыбіральню. Дагэтуль пасажыры карысталіся прыбіральняй на вуліцы — без вады і з дзіркамі ў падлозе замест унітазаў.

Праз Глыбокае праходзіць некалькі аўтобусных маршрутаў, у тым ліку міжнародны “Мінск — Рыга”. А прыбіральню на аўтавакзале не рамантавалі каля 30 гадоў, заходзіць туды страшна. Жыхары горада нават склалі петыцыю, у якой прасілі мясцовыя ўлады пабудаваць прыстойную прыбіральню.

Прыбіральня для пасажыраў

Глыбоцкі актывіст і краязнаўца Кастусь Шыталь расказаў Еўрарадыё, што цяпер пасажыраў пускаюць у прыбіральню для супрацоўнікаў аўтастанцыі. 

“Гэтая прыбіральня знаходзіцца ў памяшканні дыспетчарскай, — гаворыць Шыталь. — Там па-ранейшаму вісіць шыльда “Пабочным асобам уваход забаронены”, але цяпер туды пачалі пускаць людзей. Што праўда, на дзвярах вісіць расклад, паводле якога прыбіральня працуе менш як чатыры гадзіны за суткі”.

На аўтастанцыі Еўрарадыё пацвердзілі, што днямі пачалося будаўніцтва новай прыбіральні.

“У нас цяпер ёсць туалет для пасажыраў, пакуль будуюць новы, — адказалі нам на вакзале ў Глыбокім. — Прыбіральня, якая раней была службовай, цяпер для ўсіх пасажыраў. Туалет працуе да закрыцця аўтастанцыі. Нікому не адмаўляем”.

Кастусь Шыталь дадае, што мясцовыя ўлады абяцаюць пабудаваць новую прыбіральню ўжо сёлета. Мясцовыя чыноўнікі тлумачылі, што праект новай прыбіральні ўжо гатовы і пачаць будаўніцтва можна хоць заўтра. Але, як часта бывае ў Беларусі, на гэта “тупа няма грошай”.

Летась Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніка Глыбоцкага райвыканкама. Новым старшынёй раёна стаў Аляксандр Шубскі — на гэтай пасадзе ён замяніў Алега Морхата, які так і не паспеў адрамантаваць прыбіральню. Відаць, Шубскі вырашыў не паўтараць памылкі свайго папярэдніка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.