Вы тут

У Глыбокім збіраюць подпісы за рамонт туалета на вакзале, але грошай “тупа няма”

petitions.by

Жыхары горада Глыбокага ў Віцебскай вобласці падпісваюцца пад петыцыяй, каб на аўтастанцыі зрабілі прыстойны туалет. Цяпер там няма ўнітазаў, водаправода і каналізацыі. Прыбіральня больш нагадвае хлеў з квадратнымі дзіркамі для натуральных патрэб. “Там нават немагчыма памыць рукі. А чалавек, які наведвае туалет, сутыкаецца з моцным непрыемным пахам ад выграбных ям, асабліва ў летні час”, — піша аўтар звароту мясцовы жыхар Кастусь Шыталь.  

“Сам па сабе туалет, вы ведаеце... Як вам сказаць… Трэба яго бачыць!”

Гэтай прыбіральняй у Глыбокім людзі карыстаюцца ўжо каля 30 гадоў. Акрамя рэгіянальных маршрутаў, глыбоцкія “выгоды” бачаць і замежнікі, якія едуць праз райцэнтр у Літву і Латвію.

“Туалет прыбіраецца, там нічога такога, — распавялі Еўрарадыё на аўтастанцыі. — Але сам па сабе туалет, вы ведаеце... Як вам сказаць… Трэба яго бачыць! Каналізацыі і вады няма. Там проста туалет і ўсё. Ён гадоў 30 ужо такі ад часу, калі пабудавалі аўтастанцыю. Перыядычна яго рамантуць, чысцяць, але туалет без выгод”.

Глыбоцкая прыбіральня, TUT.BY

“Мы самі зацікаўлены ў гэтым туалеце, але ў нас тупа няма грошай”

Пад петыцыяй ужо падпісалася 145 чалавек. Дырэктар глыбоцкага філіяла Аўтатранспартнага прадпрыемства № 16 Уладзімір Пачэпка распавёў Еўрарадыё, што рэканструкцыю можна пачаць хоць заўтра, але на гэта няма грошай.

— Праект рэканструкцыі новага туалета ўжо аплачаны, ён ёсць. Справа за малым: засталося знайсці сродкі, — гаворыць Уладзімір Пачэпка. — Сума дастаткова прыстойная: каля 80-90 тысяч рублёў. І гэта праблема аўтапрадпрыемства “Віцебскаблаўтатранс”, у тым ліку філіяла № 16. Інтэрв’ю па тэлефоне я вам даваць не збіраюся без афіцыйнага запыту. Вы незалежная прэса?

— Еўрапейскае радыё. Так.  

— І Кастусь Шыталь там пачаў збор подпісаў… Грамадзянін, які, скажам, зацікаўлены, каб квітнеў наш край. Так?

— Гэта няблага...

— Я добра ведаю гэтага Кастуся Шыталя. Калі чалавек хоча дапамагчы, а ў нас няма грошай, дык няхай арганізуе збор сродкаў. Вось гэта будзе дапамога. А напісаць негатыў пра любога можна. Мы — арганізацыя, якая здзяйсняе сацыяльна значны від дзейнасці: перавозка пасажыраў. У нас тупа няма грошай. Мы самі зацікаўлены ў гэтым туалеце. Для мужчын, жанчын і інвалідаў.

“Можа, з Амерыкі ці Еўропы суайчыннікі дапамогуць”

“Раз Кастусь Шыталь бачыць дрэннае, дык зрабі добра”, — працягвае Уладзімір Пачэпка. І прапануе выйсце:

“Кіньце кліч: збяром сродкі для рэканструкцыі туалета ў родным горадзе! Чаму не? Можа, нам з Амерыкі нашыя суайчыннікі дапамогуць? Можа, багатыя людзі з Еўропы, ці з Эўропы, збяруць нам некалькі дзясяткаў тысяч еўра, каб зрабіць нармальны туалет!”

“Не толькі менавіта Глыбокае. Увогуле нічога ў плане на рэканструкцыю не стаіць”

У ААТ “Віцебскаблаўтатранс” Еўрарадыё распавялі, што хадзіць у прыстойную прыбіральню ў пасажыраў у найбліжэйшы час не атрымаецца.

“Праблема ўжо набалелая, — адказаў кіраўнік вытворча-тэхнічнага аддзела прадпрыемства Уладзімір Манько. — Пытанне неаднаразова з дырэктарам філіяла абмяркоўвалася. У нас цяжкае фінансавае становішча, паліва расце з дня ў дзень. На жаль, у планах на рэканструкцыю аўтастанцыя ў Глыбокім не стаіць. Не толькі менавіта Глыбокае. Увогуле нічога не стаіць”.   

“Праверым законнасць вашых дзеянняў”

З пытаннем, ці з’явіцца на глыбоцкай аўтастанцыі прыстойны туалет, Еўрарадыё звярнулася ў мясцовы райвыканкам. Але намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алег Варша нават не выслухаў пытання і кінуў трубку.

“Калі вы хочаце звярнуцца да мяне па каментарый, дык у нас ёсць аддзел ідэалагічнай работы, — адказаў чыноўнік. — Калі ласка, звяртайцеся. Яны правераць вашу ліцэнзію, вашу законнасць дзеянняў, і потым я гатовы з вамі размаўляць”.

— Вы нават не выслухалі пытанне...

— Вы — карэспандэнт. Я — службовая асоба. Усё. Калі ласка.

У ідэалагічным аддзеле Глыбоцкага райвыканкама Еўрарадыё распавялі, што рэканструкцыя аўтастанцыі ў планах ёсць, але калі дакладна ў горадзе з’явіцца нармальны туалет, не сказалі.

“Праектная дакументацыя ўжо зробленая, — адказалі там. — Грошы будуць. Калі з’явіцца дакладна туалет, аддзел ідэалагічнай работы не ведае. Вас да мяне па акрэдытацыі, хутчэй за ўсё, накіравалі. Прыедзеце ў Глыбокае, пазнаёмімся, будзем глядзець акрэдытацыю, будзем супрацоўнічаць. Калі вы размаўлялі з дырэктарам, дык адказ у вас павінен быць”.  

Праблема з грамадскімі туалетамі была і ў іншых гарадах Беларусі. У Гомелі летась збудавалі прыбіральню аж за 1 мільён долараў. А ў туалеце Нацыянальнай бібліятэкі, якую адкрылі 13 гадоў назад, унітазы з’явіліся толькі днямі.