Вы тут

Прыбіральню за мільён долараў пабудавалі ў Гомелі

Фота: Белсат

Напярэдадні Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіне ў Гомелі закончылі будаўніцтва падземнай прыбіральні на беразе Сожа. Яна стане самай дарагой у краіне, бо яе будаўніцтва каштавала мільён долараў, паведамляе "Белсат".

Тэрміны працы над праектам некалькі разоў пераносіліся. Паводле тэндарнай дакументацыі будаўніцтва павінна было пачацца ў лютым 2018 года і скончыцца ў чэрвені. Аднак насамрэч прыбіральню пачалі будаваць толькі ў чэрвені і мусілі закончыць у снежні, але справіліся раней.

Будавалі прыбіральню за кошт мясцовага бюджэту. Першапачаткова меркавалася, што на яе будаўніцтва пойдзе 750 тысяч долараў, але ў рэальнасці атрымалася на 250 тысяч больш. 

Унутры падземнай прыбіральні будзе 15 кабінак, для вазочнікаў, якія захочуць яе наведаць, пастаўленыя пад’ёмнікі. Працаваць яна будзе платна. Адкрыюць прыбіральню 25 кастрычніка.

Як паведамлялася раней, 26 кастрычніка на Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны ў Гомель прыедуць кіраўнікі дзяржаў Аляксандр Лукашэнка і Пётр Парашэнка.