Захад пачаў весці кулуарныя размовы за спінай у Беларусі?

Вам таксама здаецца, што яны абмяркоўваюць толькі Беларусь? / kremlin.ru
Вам таксама здаецца, што яны абмяркоўваюць толькі Беларусь? / kremlin.ru

Пры чытанні сусветных навін пра перамовы заходніх лідараў і расійскага лідара Уладзіміра Пуціна ў беларусаў складаецца ўражанне, што абмяркоўваюць на гэтых перамовах менавіта нашу краіну. Гэта не так, лічыць грамадскі дзеяч Мікалай Халезін.

"Наша краіна апынулася ў цэнтры біфуркацыі. Мы не можам да канца ўсвядоміць, што адбываецца: Расія хоча паглынуць Украіну? Ці Беларусь? Складаная канфігурацыя. І калі ў палітыцы здараюцца такія канфігурацыі, адбываецца і вялікая колькасць перамоваў. Ствараецца ілюзія, што ўсе яны датычацца Беларусі. Не, гэта не так, і больш за тое, калі гаварыць пра пазіцыю Еўропы і ЗША па Беларусі, то ніхто не вядзе перамоваў пра здачу Беларусі — як гэта было раней, дарэчы", — кажа суразмоўнік Еўрарадыё.

На ягоную думку, размовы, наадварот, датычацца як недапушчальнасці самога канфлікту на мяжы Украіны, так і недапушчальнасці ўцягвання ў яго Беларусі.

Беларускія дэмсілы павінны ўзяць на сябе адказнасць і ўступаць у размовы з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі, у тым ліку з пазіцыі сілы.

"Хтосьці павінен быць упаўнаважаны гаварыць з пазіцыі сілы з усім светам. Тады нас будуць лепш чуць. Іншых варыянтаў няма. І няма варыянта не крычаць, таму што на коне стаіць жыццё нашых нашчадкаў. У нас была свая Беларусь — хай з дыктатарам. А ў іх будзе ўвогуле Беларусь?" — задаецца пытаннем Халезін.

Права страціць краіну ў беларусаў няма. І калі гаварыць пра ўрад у выгнанні, то беларусы не могуць сабе дазволіць быць у зносінах з заходнімі калегамі класічнымі еўрапейскімі чыноўнікамі. Пакуль чыноўнікі гавораць, прадстаўнікі дэмсіл павінны крычаць, мяркуе Халезін.

 

Поўную версію гутаркі з Мікалаем Халезіным глядзіце на Еўрарадыё

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі