За якія фразы судзяць аўтараў “Рэгнума”

Вось гэтыя словы Сяргея Шыптэнкі з артыкула "Жорсткія наступствы мяккай беларусізацыі" разглядае суд:

"Кірыла Тураўскі ператвораны ў беларускага мысляра, Ефрасінню Полацкую абвясцілі беларускай, беларусам абвясцілі польскага кампазітара Міхаіла Агінскага".

"У Беларусі ўсё рускае паслядоўна знішчаецца".

"Беларусізацыя насаджалася вузкім колам людзей".

"У СССР беларуская мова падтрымлівалася штучна".

"У беларускай мове нават няма ўсіх словаў, каб выказацца".

Дзмітрый Алімкін у артыкуле "Беларуская мова. Не мыццём дык катаннем" распавядае пра беларускіх дзяцей, якім вывучэннем беларускай мовы "сапсуюць назаўсёды мазгі", беларускую мову Алімкін называе "расійскім дыялектам" і выкарыстоўвае такія фразы:

"У цяперашні час беларуская мова незапатрабаваная. Калі хто не ведае, беларускую мову выкарыстоўваюць толькі дыктары радыё".

"Людзі ўпарта адмаўляюцца аддаваць дзяцей у беларускамоўныя класы".

"Беларускай мовай карыстаюцца толькі апазіцыянеры".

"Абсалютная большасць беларусаў жадае аб’яднацца са сваёй гістарычнай радзімай — Расіяй".

"У беларускай мовы ўсё роўна няма ніякіх шанцаў".

"Сталін разграміў нацыяналістаў і спыніў беларусізацыю".

Вось меркаванне экспертаў рэспубліканскай экспертнай камісіі пры Міністэрстве інфармацыі, якія ў кожным з гэтых артыкулаў вызначылі спробу распальвання нацыянальнай варожасці:

“…вызначаюць гісторыю Беларусі як міфічную, беларускую мову — як мёртвую, нацэльваючыся на расійскую аўдыторыю чытачоў для фарміравання варожага стаўлення да беларусаў як да чужой групы, прыніжаючы іх значнасць і дыскрымінуючы.

…ацэньваюць палітыку, якую праводзяць беларускія ўлады, як антырасійскую і накіраваную на дыскрымінацыю рускамоўнага насельніцтва Беларусі і па-прарасійску настроеных грамадзян, ствараюць у расійскіх чытачоў пачуццё абурэння ў дачыненні да ўладаў Беларусі. А ў беларускіх грамадзян — непрыязнасць да асоб, якія праводзяць інфармацыйную палітыку ў дачыненні да беларусаў, што можа справакаваць канфлікт на нацыянальным і міжнацыянальным узроўні”.

Юрыст БАЖ Алег Агееў гаворыць, што пакуль невядома, якімі метадалагічнымі сродкамі карысталася экспертная камісія, што ўбачыла распальванне міжнацыянальнай варожасці, аднак так званая "мова варожасці" ў гэтых артыкулах прысутнічае:

"З гэтымі фразамі можна не згаджацца, па многіх метадалогіях яны могуць прызнавацца мовай варожасці, але пра наяўнасць распальвання міжнацыянальнай варожасці ў гэтых фразах можна будзе казаць, толькі калі стане вядома пра метадалогію, па якой вызначалі менавіта гэтыя фразы. У іх выказваннях прысутнічае мноства маркёраў, па якіх вызначаюць "мову варожасці", але распальванне варожасці ў іх для мяне не відавочнае".