Ад сонечнага Уэльса да ўласнага агарода. Як бавіліся летам беларускія прапагандысты

Прапагандысты умеюць добра адпачываць

Прапагандысты умеюць добра адпачываць / Euroradio via Chat GPT

Лета 2026 года ўжо падыходзіць да канца, а разам з ім — сезон адпачынкаў і летніх падарожжаў. Еўрарадыё паглядзела, як спякотнай парой скарысталіся рэжымныя прапагандысты. 

 

Яхцінг на Мінскім моры і дамашнія кабачкі

Прыхільнікі рэжыму адпачывалі па-рознаму. Хто ў замежных вандроўках, а хто і на градках ля хаты. 

Спецыяльны карэспандэнт крамлёўскага Russia Today Канстанцін Прыдыбайла сёлета далёка ездзіць не стаў. Медыйшчык, які стаў вядомым у 2020 годзе праз жорсткую крытыку пратэстаў, амаль усё лета правёў за добраўпарадкаваннем свайго новага лецішча недзе пад Масквой. 

Прыдыбайла там вырошчвае памідоры і кабачкі, высаджвае дрэвы і збірае мэблю для дома, скардзячыся, што трэба чарговы раз закручваць шасціграннікі для вулічнага стала. Пастаральная ідылія ад чалавека, які пастаянна заклікае зніштажаць дамы ўкраінцаў.

Ласкава прыняты рэжымам кампазітар і музыка Яўген Алейнік, стваральнік гурта “Аўра”, у сваім шчыльным працоўным раскладзе знайшоў час для рэлаксу. Сумесна з жонкай і дзецьмі, пасля заканчэння “Славянскага базару ў Віцебску”, ён паляцеў адпачываць у Азербайджан, як і два гады таму.

Там Алейнікавы пагулялі па Старым Баку і выкупаліся ў Каспійскім моры. І адразу — назад у Мінск, бо, як кажа сам Яўген, “наперадзе самы насычаны год у іх творчым жыцці”.

Вядучая тэлеканала СТБ Кацярына Забянько, відаць па ўсім, за межы краіны сёлета не выязджала. 

Сумесна са сваёй блізкай сяброўкай, таксама тэлевядучай-прапагандысткай, Наталляй Надольскай яна адпачывала на Мінскім моры, арандаваўшы яхту.

“Гатова да асуджэння”, — піша медыйшчыца ў пасце са стосам сваіх фотаздымкаў.

Затое кіраўніца прадзюсарскага цэнтра “Спамаш” Анжаліка Мікульская сёлета шмат вандравала. Уплывовая пастаноўшчыца маштабных праўладных культурных падзей (“Александрыя збірае сяброў”, “Міс Беларусь” “Героі” і г. д.) паспела ў пачатку года пабываць у Аўстраліі, а пасля ў Расіі, а ў ліпені завітала ва Уэльс — паглядзець замкі і ў Лондан — на выпускны экзамен сваёй дачкі Сафіі Мікульскай: дзяўчына скончыла Лафбараўскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Графічны дызайн”. 

Такую ж спецыяльнасць прапануе і Беларуская акадэмія мастацтваў, але, відаць, Мікульская нешта ведае пра якасць вышэйшай адукацыі ў Беларусі. Не будзем яе за гэта асуджаць.

У Турцыі сёлета адпачывала Лідзія Заблоцкая — рэпарцёрка напрамку культуры “Першага інфармацыйнага” і ўдзельніца дзіцячага “Еўрабачання” 2011 года. Са сваім маладым чалавекам, таксама супрацоўнікам БТ Антонам Малютам, яны наведалі антычны горад Эфес, што месціцца на ўсходнім узбярэжжы краіны.   

“Дома, вядома, лепш. Але нішто так не супакойвае нутро, як прачнуцца — і ўбачыць з акна ашаламляльнае, бяскрайняе мора”, — дзеліцца ўражаннямі Заблоцкая. Сапраўды, добра там, дзе нас няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.