За тры дні краўдфандынгу Далідовіч сабраў амаль $1500

За тры дні краўдфандынгу Далідовіч сабраў амаль $1500

Беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч распачаў збор сродкаў на падрыхтоўку і ўдзел у зімовых Алімпійскіх гульнях 2018 года. Калі ўсё атрымаецца, гэтыя гульні стануць сёмымі ў жыцці беларуса. Столькі ж будзе ў легендарнага нарвежскага біятланіста Уле-Эйнара Б'ёрндалена, калі і ён знойдзе сілы выступіць у Пхёнчане.

За тры дні краўдфандынгавай кампаніі Далідовіч сабраў амаль $1500. На яго ўдзел у Алімпіядзе ахвяравала 80 чалавек. У іх ліку футбольны агент Валерый Ісаеў, знаток беларускага тэлеклуба Антон Іокаў, тэлевядоўца Канстанцін Прыдыбайла, прадпрымальнік Павел Вайцяховіч.

Лыжнік лічыць гэты вынік неблагім. Што праўда, гэта ўсяго 9% ад сумы, неабходнай, каб паехаць на Алімпіяду ў Пхёнчан. На тое, каб сабраць астатняе, ёсць 57 дзён. 

9 жніўня Сяргей Далідовіч завітаў у студыю Еўрарадыё, каб распавесці, пра магчымае вяртанне ў Міністэрства спорту, пра летнія трэніроўкі, калі пад лыжаролерамі плавіцца асфальт, і пра тое, на што пойдуць сабраныя падчас краўдфандынга грошы. Мы запыталіся, ці прадасць ён машыну, калі сабранай сумы не будзе хапаць на падрыхтоўку да гульняў. "Не", — адказаў спартсмен. Чаму? Глядзіце ў гэтым відэа:

Галоўныя цытаты:

"Калі будзе выбар: прадаць машыну, каб паехаць на Алімпіяду — не прадам. Паўтаруся: не стаіць пытанне ў тым, каб проста паехаць на гульні. Пытанне ў тым, ці патрэбна гэта каму-небудзь, акрамя мяне. Днямі ехаў па Мінску і бачыў рэкламу: "Адны мары — розныя магчымасці". Так, мары ў спартоўцаў сапраўды адны. А магчымасці ў адных ёсць, у іншых няма. Але спартовец не мусіць заставацца адзін і прадаваць машыну. У мяне яшчэ і кватэра ёсць. І яе прадаць? А яшчэ ў мяне растуць тры дачкі, і гэта істотная крыніца выдаткаў".

"У Федэрацыі кажуць, што яны адкрытыя. Але вось тры месяцы прайшло, тры месяцы я чакаў, што са мной хто-небудзь звяжацца. Думаеце, хто-небудзь патэлефанаваў? На нэты момант я адчуваю, што толькі адзін чалавек там зацікаўлены ў тым, каб я бегаў — гэта трэнер. Я трэніруюся разам з камандай. Але — за свае грошы. Езжу туды кожны дзень. Умовы выдатныя, для роста спартоўцы ўсё ёсць. Звычайна мы чаргуем ролерныя трэніроўкі з кросавымі. Прыкладна 70% на 30%. Бегаем з палкамі — такая эмітацыя. Але на нагах толькі красоўкі".

"Пакуль я ў Беларусі — выдаткі мае простыя: бензін, каб даехаць да Раўбічаў. А калі пачнецца падрыхтоўка да Алімпіяды, трэба будзе правесці адзін замежны высокагорны збор — каля 2 тысяч еўра, калі я паеду адзін. Плюс прыкладна два месяцы — 75 дзён па маіх падліках — давядзецца правесці ў Еўрапейскім саюзе, каб, удзельнічаючы ў спаборніцтвах FIS, заваяваць алімпійскую ліцэнзію. Вось на гэта грошы і пойдуць. Спартовае харчаванне, экіпіроўка — на гэта ўсё я ўжо зарабіў сваім імём. За гэта плаціць не трэба".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі