За што не рэгіструюць кандыдатамі: машына за 2016 год, грашовы перавод...

За што не рэгіструюць кандыдатамі: машына за 2016 год, грашовы перавод...

Па словах першага намесніка старшыні Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча, пакуль ім вядома аб 8 адмовах у Мінску і 4 ― у Магілёве. Усе памылкі — недакладныя звесткі ў дэкларацыях аб прыбытках.

Алег Гайдукевіч: “У некаторых людзей прыйшлі нейкія грашовыя пераводы, іх шмат ідзе, бо бізнес з гэтым звязаны. Але гэта не наўмысна ― ён проста не здолеў гэта ўсё сабраць у галаве. Бо гэта не прыбытак, а дзейнасць нейкая пэўная. Але яна палічылася прыбыткам. Нехта забыўся ўказаць, што ён заснавальнік нейкай кампаніі, а яна ўжо даўно не працуе”.

У ЛДП прызнаюць, што знойдзеныя ў дэкларацыях памылкі ― парушэнне. Тым не менш, усе будуць абскарджаныя.

Пераважна з памылкамі ў дэкларацыях аб прыбытку звязаныя адмовы, якія ўжо атрымалі 8 актывістаў “Гавары праўду”, прызнае сустаршыня кампаніі Таццяна Караткевіч.

“Дэкларацыі трэба было прадстаўляць за 2016 год, і шмат хто не ўказаў дадатковыя рэчы. Да прыкладу, была ў чалавека машына ў 2016 годзе, і ў той жа год ён яе прадаў. Сканцэнтраваліся на тым, што яе няма цяпер, і не ўказалі. Ці забыліся, што здавалі ў той год кватэру ― вельмі крыўдныя памылкі”.

Не абыходзіцца і без памылак ў падпісных лістах. Рух “За свабоду” мае такіх адмоў толькі ў Мінску шэсць. Ні ў адной з іх старшыня Руху Юрась Губарэвіч не бачыць “абгрунтаванасці”.

Юрась Губарэвіч: “Я думаў, што ўлады з гэтым троху супакоіліся, бо некалькі папярэдніх кампаній яны стараліся не выбіваць кандыдатаў па надуманых прычынах. Цяпер вярнулі гэтую практыку: я памятаю, як на пачатку 2000-х гадоў кандыдаты прыводзілі ў суд людзей, падпісантаў, якія казалі, што ў падпісным лісце іх подпіс, але суд не прымаў гэтыя сведчанні і адмаўлялі ў рэгістрацыі”.

У якасці прыкладу такога “неабгрунтавана незарэгістраванага” з-за подпісаў Юрась Губарэвіч называе грамадскага актывіста Віктара Янчурэвіча. У яго падпісных аркушах адмыслоўцы участковай камісіі знайшлі 10 недакладнасцяў. Але якіх?

Віктар Янчурэвіч: “Цалкам несапраўдных подпісаў ці ўнясення ў падпісныя аркушы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, ці левых подпісаў няма. Ёсць такія недарэчнасці, калі ў нумары пашпарта напісаная лічба “0” такім чынам, што можна палічыць яго за лічбу “6”. Сябры камісіі прачыталі лічбу як “6” і прышлі да высновы, што подпіс з такой памылкай трэба палічыць несапраўдным. На такой падставе яны назбіралі 10 подпісаў”.

Еўрарадыё таксама ацаніла “недакладнасці” ў падпісных аркушах Віктара Янчурэвіча. Сапраўдны, у адным месцы “0” выглядае падобным да “6”. Але толькі ў адным. У іншым нумары пашпарта замест лічбы “6” стаіць “2”, у іншым ― “3” напісана так, што незразумела, якая гэта дакладна лічба. Але ці сапраўды трэба было так прыдзірацца да такіх памылак, бо і людзі рэальныя, і подпісы сапраўдныя?

“Памылка ў напісанні пашпартных звестак ― лічыцца, што не запоўненая адна графа. А не запоўненая адна графа ― подпіс несапраўдны, адсутнічае неабходны рэквізіт”, ― тлумачыць нам рашэнне выбарчай камісіі старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына.

Дарэчы, у выпадку з неўказанай у дэкларацыі актывістам “Гавары праўда” машынай, Лідзія Ярмошына раіць дабівацца адмены рашэння выбарчай камісіі. Калі ўсё сапраўды так, як расказвае Таццяна Караткевіч.

Ярмошына: “Прыбыткі паказваюцца за 2016 год, а маёмасць ― якая ёсць на дадзены момант. Магчыма, ён прыбытак ад продажу машыны не паказаў? Тады адмовілі правільна. Калі прыбытак ад продажу ў дэкларацыі ўказаны, то ўказваць тое, чаго ў цябе цяпер няма з маёмасці не трэба”.

У любым выпадку, усім незадаволеным старшыня ЦВК раіць звяртацца ў вышэйстаячую выбарчую камісію, а пасля ― у суд.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі