Прадпрымальніка Юрыя Татарыновіча з Глыбокага аштрафавалі на 2590 рублёў (70 базавых велічыняў), абвінаваціўшы ў парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (ч. 1 арт. 24.23 КаАП).
Такі прысуд вынес 3 сакавіка суддзя Глыбоцкага раёна Андрэй Тарасевіч, перадае "Віцебская Вясна".
Мужчыну абвінавацілі ў правядзенні пікета без дазволу Глыбоцкага райвыканкама. "Пікетам" суд палічыў тое, што Татарыновіч паставіў на сваю аватарку ў Фэйсбуку выявы украінскага сцяга і гістарычнага нацыянальнага герба "Пагоня". Таксама на яго старонцы была публікацыя з выявай бел-чырвона-белага палотнішча.
На судзе Татарыновіч віну не прызнаў.