Вы тут

За "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" аштрафаваны рэдактар Intex-Press

Уладзімір Янукевіч / baj.by

За "распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў" аштрафаваны на 640 рублёў галоўны рэдактар недзяржаўнага баранавіцкага выдання Intex-Press Уладзімір Янукевіч. Праўда, адміністрацыйная справа, якую нядаўна разглядаў мясцовы суд, датычыць не гэтага выдання, а прадпрыемства, якое займаецца рэкламай (Янукевіч у ім з'яўляецца дырэктарам), паведамляе baj.by.

Па словах Уладзіміра Янукевіча, калі ў рэдакцыі і на згаданым прадпрыемстве прайшоў ператрус і забралі тэхніку, "у адным планшэце знайшлі нібыта забароненую інфармацыю". Янукевіча прыцягнулі да адказнасці як фізічную асобу, а не як дырэктара. Згаданы планшэт канфіскавалі на карысць дзяржавы.

"У сучасных умовах [абскарджванне —] гэта проста выкінутыя сродкі, — кажа Уладзімір Янукевіч. — А нам трэбна ўтрымаць рэдакцыю, на якую працягваецца ціск”.

Летась Мінінфарм Беларусі абмежаваў доступ да сайта Intex-Press. Ціск на газету пачаўся пасля інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай. Intex-Press перасталі друкаваць у Беларусі, выкраслілі з падпіснога каталога, а рэдактар атрымаў пракурорскае папярэджанне. У выніку газета на цяперашні час існуе толькі ў электронным варыянце.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.