Вы тут

За першы квартал пасажырскія перавозкі знізіліся ў Беларусі на 18%

Чыгуначны вакзал і рэйкі ў Мінску / Еўрарадыё

У студзені — сакавіку 2021 года беларускія арганізацыі і ІП перавезлі амаль 84,6 млн тонаў грузаў. Гэта на 5,8% менш, чым за студзень — сакавік 2020 года, са спасылкай на дадзеныя Белстата піша БелаПАН.

Пры гэтым перавозкі грузаў чыгуначным транспартам у студзені — сакавіку 2021 года выраслі на 2,8% (да 29,3 млн тон). Трубаправодным транспартам перамешчана на 0,9% больш грузаў (амаль 26,9 млн тон). А вось аўтамабільным транспартам — на 17% менш (28,3 млн тон).

Перавозкі паветраным грузавым транспартам павялічыліся на 61,4% (да 10,8 тысяч тон), але гэты рост не вельмі заўважны на фоне агульнай статыстыкі.

Верагодна, падзенне грузаперавозак тлумачыцца негатыўным уплывам каранавіруснай інфекцыі на беларускую і сусветную эканоміку. У першым квартале 2020 года ён ужо адчуваўся, але слаба. Асабліва ў Беларусі, чые ўлады адмаўлялі небяспеку COVID-19. А першы квартал 2021 года прайшоў ва ўмовах лакдаўнаў, абвешчаных многімі краінамі. Хаця, зноў жа, не Беларусі.

Што тычыцца пасажырскіх перавозак, дык у студзені — сакавіку 2021 года яны знізіліся да студзеня — сакавіка 2020 года на 18,1% і склалі 389,6 мільёна чалавек. Падрабязная статыстыка выглядае так:

- перавозкі чыгуначным транспартам зменшыліся на 21,2% (да 12,3 млн чалавек);
- перавозкі аўтобусамі— на 16,7% (да 240,7 млн ​​чалавек);
- гарадскім электрычным транспартам і метрапалітэнам — на 20,1% (да 136,3 млн пасажыраў);
- паветраным транспартам — на 59,6% (да 0,3 млн чалавек).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.