Вы тут

З-за змянення клімату эканоміка Беларусі губляе $100 млн штогод

З-за змены клімату ў Беларусі пачалі вырошчваць кавуны / Фота: Еўрарадыё

У Мінску прайшоў круглы стол “Беларусь і глабальнае змяненне клімату”. Вучоныя, прадстаўнікі ААН у Беларусі і чыноўнікі абмеркавалі змяненне клімату і як гэта паўплывае на развіццё краіны. Удзельнікі ўпэўнены, што клімат змяняецца і да гэтага трэба быць падрыхтаванымі.

Зімы становіцца меншыя

“Днямі ў Брэсце зафіксавалі тэмпературны рэкорд за апошнія 40 гадоў. Я ведаю, што ў Беларусі добрае разуменне, наколькі гэтай тэматыкай трэба займацца”, — мяркуе пастаянны каардынатар ААН у Беларусі Іаана Казана-Вішнявецкі

Удзельнікі круглага стала “Беларусь і глабальнае змяненне клімату”

Клімат у нашай краіне пачаў змяняцца ў 1989 годзе. Гэта праявілася ў павышэнні тэмпературы паветра і павелічэнні ападкаў.

“За апошнія 25-30 гадоў сярэднегадавая тэмпература перавысіла кліматычную норму на 1,3 градуса, — удакладняе кандыдат геаграфічных навук Віктар Мельнік. — Гэта значыць, што летам тэмпература становіцца вышэйшай за 25 градусаў. У нас павялічыўся вегетацыйны перыяд і зменшыўся зімовы”.     

Разам з пацяпленнем у Беларусі павялічылася колькасць ападкаў. Найбольш, па словах навукоўца, гэта заўважна зімой і на пачатку вясны. Тое, што замест снегу ідуць дажджы, кепска ўплывае на сельскую гаспадарку.

Збор ураджаю кавуноў у Кобрынскім раёне

“Калі гаварыць пра наступствы, то праз неспрыяльныя і небяспечныя ўмовы эканоміка Беларусі штогод губляе каля $100 млн. Гаворка ідзе пра сельскую гаспадарку і іншыя галіны.

Па тэмпературных умовах сучасная Гомельская вобласць адпавядае поўначы Украіны, дзе такі клімат быў прыкладна 20 гадоў таму. Ідзе зрушэнне кліматычных абласцей”.  

Плюсы і мінусы змянення клімату

Удзельнікі круглага стала лічаць, што нельга адназначна адказаць: змена клімату — гэта добра ці дрэнна. З аднаго боку, гэта спрыяльныя ўмовы для працы, з другога — небяспека для жыцця.

“Скарачэнне зімовага перыяду выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы, — гаворыць Віктар Мельнік. — Тэмпература паветра стала вышэйшая — з’явілася магчымасць вырошчваць новыя культуры. Падчас цёплай зімы ЖКГ нясе меншыя страты праз прыборку снегу, праз паліва. І гэтыя фактары ўжо ўлічваюцца”.

Як змяняўся клімат у Беларусі

Але ёсць і адмоўны бок у змяненні клімату. Высокая тэмпература паветра пагражае здароўю людзей, якія залежаць ад надвор’я. Таксама вялікая спёка вядзе да засухі і з’яўлення інфекцыйных хвароб, якія раней не былі ўласцівыя Беларусі. 

“Усё часцей у студзені тэмпература захоўваецца вышэй нуля. На гэта трэба звяртаць увагу. У сярэднім працягласць зімы на тэрыторыі Беларусі скарацілася на 3-7 дзён. А на паўднёвым захадзе краіны кліматычная зіма складае два месяцы і меней”, — паведаміла ў сваім выступе прадстаўніца Белгідрамета Наталля Клявец

Поле гарбузоў у Брэсцкай вобласці

Прасцей кажучы, таго, што мы прывыклі лічыць каляндарнай зімой, у рэчаіснасці ўжо няма. Ды і лета стала даўжэйшым: яно цягнецца ад 95 да 100 дзён. Напрыклад, сёлета кліматычнае лета (перыяд з сярэднесутачнай тэмпературай 14 градусаў і вышэй) склала 4 месяцы: з сярэдзіны траўня да сярэдзіны верасня. 

Эксперт міжнародных экалагічных праграм Аляксандр Грабянькоў найбольш уразлівымі сферамі падчас змянення клімату лічыць сельскую і лясную гаспадаркі. 

“Яны [галіны. — Еўрарадыё ] раней за ўсіх пачалі распрацоўваць стратэгіі па адаптацыі, — расказаў Еўрарадыё спецыяліст. — Крыху складаней з сельскай гаспадаркай, бо ёй больш цяжка адаптавацца: трэба змяняць культуры і тэхналогіі”. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.