Вы тут

"З пятніцы не могуць уехаць у Польшчу": кіроўцы аб сітуацыі на мяжы

“Навошта ператвараць вадзілаў у цярпілаў?” / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Больш за тры тысячы фур на беларускай мяжы чакаюць магчымасці трапіць у Еўрасаюз. Гэта значыць, што цяпер кіроўцы стаяць на мяжы ў чаканні ўезду прыкладна па чатыры дні, тлумачыць нам адзін з дальнабойнікаў.

— Я пагутарыў з хлопцамі: па чатыры дні стаяць на "Прывалцы" і на "Баброўніках" [пункты пропуску на беларуска-польскай мяжы. — Еўрарадыё]. З пятніцы не могуць уехаць у Польшчу, — дзеліцца наш суразмоўца.

Кажуць — з ежай пакуль парадак: як заўсёды ў такіх сітуацыях, кашу і гарбату падвозяць з беларускіх кафэ. Біятуалеты таксама стаяць, на гэта кіроўцы не скардзяцца. А вось на што скардзяцца.

“Думаў, праскочу”

Праблемы ў дальнабойнікаў пачаліся два тыдні таму, калі з польскага боку для вялікагрузаў закрыўся пункт пропуску "Кузніца". Такім чынам, і сумежныя з ёй беларускія "Брузгі".

"Кузня" закрылася раніцай 9 лістапада — на наступны дзень пасля таго, як караван бежанцаў і мігрантаў рушыў у бок беларуска-польскай мяжы.

— Хлопцы думалі — проскочуць: у чатах пісалі, што гэта рашэнне пакуль разглядаецца. У выніку затрымаліся на мяжы, — расказваў нам адзін з дальнабойнікаў у першыя дні прыгранічнага канфлікту.

"Думаў, проскочу" / pixabay

Кажуць, некалькі кампаній ужо гатовыя рыхтаваць пазовы — у першыя ж дні з-за прастою страцілі ў грошах.

— Некаторыя мае калегі свайму начальству адразу сказалі, што за прастоі і паліва плаціць не збіраюцца.

Ужо тады нейкія кіроўцы ў сэрцах казалі, маўляў, гатовыя ісці на прарыў, распавядае наш суразмоўца.

— І пры чым гэтыя мігранты да грузаў? Навошта ператвараць вадзілаў у цярпілаў?

Зараз чэргі яшчэ большыя. "Кузня" па-ранейшаму зачынена, і таму ў іншых пунктах пропуску на беларуска-польскай мяжы — сотні грузавікоў.

Так выглядае пункт пропуску "Казловічы" недалёка ад Брэста:

Чарга да пункта пропуску "Казловічы" / Еўрарадыё

Сітуацыя ў "Бераставіцы" — пункце пропуску ў раёне Гродна — адрозніваецца не нашмат.

Прасцей тым дальнабойнікам, у якіх ёсць "дазволы". "Дазвол" — па-польску zezwolenie — гэта дазвол на ўезд. Яго выдае міністэрства транспарту той краіны, у якую накіроўваецца аўтамабіль.

— Тыя, хто з "дазволам", яшчэ неяк праціскаюцца. А без іх таўчэшся ў агульнай кучы. Але афармляе "дазвол" кампанія, ён каштуе паўтары тысячы еўра, простым кіроўцам афармляць яго нявыгадна.

Дальнабойнікі скардзяцца адзін аднаму на польскіх мытнікаў. Кажуць, "палякі жасцяць" і ладзяць асабліва дбайныя агляды кіроўцам на беларускіх і расійскіх нумарах.

— Не паеду праз іх, — дзеліцца наш суразмоўца.

Але і праз Літву аб'ехаць не атрымаецца.

— Літоўцы кажуць — едзьце па кароткім маршруце. У нас тут і так чарга.

Літоўцы не хлусяць — чэргі ёсць. У "Беняконях" і "Прывалцы" — 450 фур, у "Каменным Логу" — 420.

“Але на хуткасць літоўцаў гэта не паўплывала”

Наш суразмоўца кажа, што, калі зачынілі "Кузню", беларусы зарыентаваліся хутка. Ведалі, што дальнабойнікі паедуць у іншыя пункты пропуску, і на "Прывалцы" — беларуска-літоўскай мяжы — раптам запрацавала адразу шэсць акенцаў. Такога там ніколі не было, распавядаюць кіроўцы.

— Як закрылі "Кузню", дык беларусы павялічылі змену. Усё прыгожа. Але на хуткасць працы літоўцаў гэта не паўплывала.

Польска-беларуская мяжа / Grzegorz W. Tężycki

Беларусы — і тут гаворка і пра ДПК, і пра дальнабойнікаў — былі б рады, калі б "Кузню" проста адкрылі. Польскі ўльтыматум, у якім пагражалі перакрыць у гэтым пункце пропуску яшчэ і чыгуначныя перавозкі, пагранкамітэту не спадабаўся. Вельмі хутка там абвясцілі: мігрантаў паблізу пункта пропуску больш няма, іх перамясцілі ў лагістычны цэнтр. Гатовыя аднавіць працу "Брузгаў".

А дальнабойнікам не падабаецца перспектыва поўнага закрыцця беларуска-польскай мяжы. Пра гэта на днях заявіў польскі прэм'ер Матэвуш Маравецкі.

— Яшчэ і перад новым годам. Нам тады есці не будзе чаго.

Беларускі ДПК, зрэшты, літаральна ў гэтыя выхадныя даў справаздачу: у Польшчы "зацікаўленыя ў актывізацыі двухбаковых кантактаў, у аснове якіх ляжыць прынцып канструктыўнага дыялогу".

На практыцы гэтая зацікаўленасць выглядае так: Польшча гатовая дапамагчы разабрацца з чэргамі ў "Казловічах" — пункце пропуску недалёка ад Брэста. Польскія памежнікі прапанавалі павялічыць колькасць машын, якія запускаюць на іх тэрыторыю.

“Было такое — і тыдзень стаяў”

А чатыры дні — гэта шмат? Мы пацікавіліся ў нашага суразмоўцы, як доўга дальнабойнік можа стаяць у чарзе. І высветлілі, што чатыры дні — гэта яшчэ не мяжа вынослівасці кіроўцы.

Дальнабойнікам даводзілася стаяць у чэргах нават тыдзень! / pixabay

— Было такое, што тыдзень тырчаў. Літоўцы тады страйкавалі. Называлася гэта "італьянскай забастоўкай". Гэта калі афармляеш роўна столькі машын, колькі прынята па норме: 2 або 3 на гадзіну. Хоць могуць працаваць у разы хутчэй. Кажуць, што ім мала плацяць. Нават цяпер праскокваюць такія затыкі.

— І як перажыць сем дзён на мяжы?

— Побыт у нас арганізаваны нармальна. Плітачка для разагрэву ежы ў машынах маецца, кіпяцільнік, нават халадзільнікі ёсць. Першы дзень едзем з хатнім пайком, а там ужо затарваемся. І кафэшкі дапамагаюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.