Вы тут

З нежанатага і бяздзетнага дворніка ў Мінску адлічвалі аліменты

pixabay.com

У лютым 2019 года 45-гадовы мужчына, асуджаны да абмежавання волі, на выязным прыёме паскардзіўся пракурору Кастрычніцкага раёна Мінска Юрыю Трайкоўскаму.

Мужчына заявіў, што з яго памылкова спаганяюць аліменты на ўтрыманне дзіцяці. "Але я ніколі не быў жанаты, і дзяцей у мяне няма", — прыводзіць ягоныя словы прэс-служба пракуратуры. 

Пры адбыцці пакарання ён уладкаваўся дворнікам у ЖЭУ. У сваім разліковым лістку мужчына і пабачыў, што з яго спаганяюць грошы. Ён паспрабаваў сам разабрацца ў сітуацыі, але ў бухгалтэрыі адмовіліся паказаць выканаўчы ліст.

Пракурорская праверка выявіла, што даўжніком па аліментах быў родны брат асуджанага мужчыны. Яны мелі аднолькавае прозвішча і імя па бацьку, але імёны і даты нараджэння ў мужчын былі рознымі. У выніку з заробку дворніка незаконна ўтрымалі 133 рублі 7 капеек.

Пракурор вынес прадпісанне дырэктару ЖЭУ з патрабаваннем неадкладна выправіць выяўленыя парушэнні і вярнуць дворніку грошы. Па патрабаванні пракурора бухгалтар ЖЭУ прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці.