Вы тут

З групай здаеш на чатыры, як валанцёрка Еўрагульняў — на восем

Валанцёр на Еўрапейскіх гульнях / volunteers.minsk2019.by

II Еўрапейскія гульні ўсё бліжэй, і гісторый пра іх робіцца ўсё больш. Спярша студэнтаў з помпай высялялі з інтэрнатаў у Студэнцкай вёсцы. Цяпер праблемы ўзнікаюць у валанцёраў, якім расхацелася ўдзельнічаць у гульнях.

“Замест трох інфастоек будзе адна, астатнія валанцёры ў рэзерве”

Студэнтка БДУ Алена (імя змененае па просьбе дзяўчыны) пайшла на Еўрагульні валанцёрам, “бо лічыла, што гэта будзе цікава і весела”.

“Ніхто мяне не прымушаў. Я думала, што так неяк пракачаю сваю англійскую. Думала, што будзе крута дапамагчы нечым. Я на розных мерапрыемствах бывала валанцёрам, мне гэта падабаецца: новыя стасункі, новыя знаёмствы, гэта цікава.

Але калі я трапіла на тэставыя мерапрыемствы Еўрапейскіх гульняў, дык амаль нічога не рабіла. На апошнім тэставым, якое было на стадыёне “Дынама”, я проста сядзела і чытала кніжку. Я павінна была быць на інфастойцы, але, калі мы прыйшлі, нам распавялі, што замест трох стоек будзе адна. Таму астатнія валанцёры ў рэзерве”.

Пасля таго як Алена трапіла ў лік тых, хто мусіць несці па беларускіх гарадах і мястэчках “Полымя міру”, імпэт у дзяўчыны ўвогуле знік. Яна адмовілася атрымліваць экіпіроўку і акрэдытацыю, выдаліла свой профіль з сайта гульняў і пачала чакаць, што будзе далей.

Але ад дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў не было ніякай рэакцыі. Толькі праз два тыдні з Аленай звязаліся супрацоўнікі дэканата. Дзяўчына перадала Еўрарадыё запіс размовы з імі.

“З вялікай падтрымкай і ўплывам на выкладчыкаў”

“А што з датэрміновай здачай сесіі? Тых умоў, якія… Мы спрыялі вам, каб вы здавалі? — пытаецца супрацоўніца дэканата. — Давайце так: я зараз адмяняю тыя экзамены, якія вы здавалі, таму што гэта было з вялікай падтрымкай і вялікім уплывам на выкладчыкаў у сувязі з той вашай працай, якая меркавалася. І вы працуеце ў чэрвені, як і ўсе”.

“Мы ішлі насустрач, каб спрыяць і ўмовы скласці для вашай працы, а вы паступаеце па сваім меркаванні, не ўлічваючы нейкія агульныя інтарэсы. Вы заўтра абавязаныя быць на факультэце. Падыходзьце да дэкана, і мы з вамі размаўляем, што будзем рабіць”, — працягвае супрацоўніца дэканата.

Дзяўчына пярэчыць: пасля выдалення свайго профілю на сайце Еўрагульняў яна і так здае сесію разам з усёй астатняй групай. А па-другое — што значыць уплыў? “Проста так мне адзнакі не ставілі. Мы цягнулі білеты, адказвалі на пытанні. У мяне адзнакі — чатыры, шэсць, сем...”

“Якія чатыры, шэсць, сем?! Вам васьмёркі паставілі!” — абураецца супрацоўніца дэканата. Але пасля разбіраецца ў сітуацыі: “Ну правільна: калі вы з групай разам здавалі, вы здалі на чатыры. А калі адна, як валанцёр, вам спрыялі!”

“З імі нічога не будзе. Як вучыліся так і будуць вучыцца”

Якое рашэнне ў выніку будзе прынятае па студэнтах, якія страцілі цікавасць да Еўрапейскіх гульняў? У дэканаце факультэта, дзе вучыцца дзяўчына, Еўрарадыё адказваюць, што пакуль не ведаюць адказу на гэтае пытанне:

"Ды што з імі будзе... Нічога з імі не будзе. А што з імі можа быць? Вядома, нядобра дзеці паступаюць. Мы пайшлі ім насустрач. А яны вось так... З імі нічога не будзе. Як вучыліся так і будуць вучыцца".

Алена тым часам не губляе надзеі, што пераздаваць іспыт, здадзены датэрмінова і быццам бы “з падтрымкай і ўплывам”, не прыйдзецца:

“Я яшчэ не была ў дэканаце. Пайду туды толькі 11 чэрвеня, пасля іспыту, — распавядае Еўрарадыё дзяўчына. — Намеснік дэкана па тэлефоне мне сказала, каб я здавала ўсе іспыты нанова, бо яна мае вялікія сумненні, што я здам на такія ж адзнакі. Яшчэ запытала, ці маю я льготы, бо шмат хто ішоў у валанцёры дзеля інтэрната. Але я і так маю льготы, таму мяне гэта не пужае. Таму яны вырашылі паразмаўляць са мной у дэкана, каб разабрацца з сітуацыяй”.